На Берасцейшчыне будуць судзіць неапаганца, які зарэзаў цяжарную жанчыну


Упраўленне Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці завяршыла расследаванне рэзананснага забойства ў Кобрыне, якое адбылося сёлета ў лютым.

Увечары 11 лютага 2018 года на адной з вуліцаў Кобрына, 19-гадовы жыхар Пінску нанёс 31-гадовай цяжарнай жанчыне і яе 39-гадоваму мужу ўдары нажом па розных частках цела. Жанчына і яе ненароджанае дзіця памерлі. 19-гадовы хлопец са сваймі ахвярамі да здзяйснення злачынства знаёмы не быў.

Забойца – студэнт кобрынскага каледжу. Раней СМІ паведамлялі, што забойства было здзейснена па ідэалагічных матывах, да нападу хлопец рыхтаваўся. Пацярпелыя – прадстаўнікі этнічнай меншасці.

Татуіроўкі на руках забойцы, фота якіх выкладзены на сайце СК – гэта славянскія паганскія сімвалы, якія звычайна выкарыстоўваюць неанацысцкія групоўкі.

У ходзе расследаванне следчыя ўстанавілі, што забойца ў інтэрнэце «актыўна займаўся прапагандай экстрэмісцкіх дзеянняў, нацыяналістычнай ідэалогіі і ўзбуджэння нацыянальнай і рэлігійнай варожасці».

Таксама ён захоўваў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках порнаролікі ў адкрытым доступе, сцвярджаюць праваахоўнікі.

«Працаўнікамі ГУБАЗіК была ўсталяваная яшчэ адна пацярпелая ад дзеянняў абвінавачанага – дзяўчына 1999 года нараджэння. Устаноўлена, што абвінавачаны ў пачатку снежня 2017 года, знаходзячыся ў дызель-цягніку «Берасце-Лунінец», здзейсніў у дачыненні да дзяўчыны і яе брата хуліганскія дзеянні», – адзначаецца ў паведамленні СК.

У выніку правыя радыкалы прад’яўленае абвінавачванне адразу па 5 артыкулах – «распальванне нацыянальнай варожасці», «распаўсюд парнаграфіі», «хуліганства», «забойства» і «замах на забойства». Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў