Падрадчыкі АЭС прызналі, што ня маюць атэстацыі для працы на ядравых абʼектах


Сакрэтны абʼект № 1. Тое, што адбываецца на розных участках будаўнічай пляцоўкі Астравецкай АЭС – таямніца – ня толькі для шырокай грамадзкасці, але, збольшага, і для самых работнікаў гэтай будоўлі.

Як паведамляюць абазнаныя жыхары Астравецкага раёну, апошнім часам захады сакрэтнасці істотна ўзмацніліся. Адміністрацыя АЭС тлумачыць гэта патрэбамі бяспекі. З таго, аднак, што бачаць мясцовыя жыхары, захады, перадусім, накіраваныя на тое, каб – наадварот, схаваць пралікі з бяспекай, якія выплываюць на паверхню.

«Гады тры таму назад пайшла інфармацыя, што пайшлі расколіны па адмостцы, што клалі папярэдне на АЭС. Пачалі гэтую адмостку вывозіць па начах і закапалі ў кар’еры каля вёскі Мацкі», – узгадаў Мікалай Уласевіч, жыхар в. Вармяны.

Аварыі на АЭС не выпадковыя

Адміністрацыя БелАЭС гэта адмаўляла, гэтак жа як і нядаўняе падзенне пры мантажы корпусу рэактара, пра якое стала вядома, дзякуючы Мікалаю Ўлаховічу. Улады потым факт гэтага беспрэцэдэнтнага здарэння прызналі, а з падрадчыкам, які яго ўчыніў, нібыта, спынілі супрацу. Але, як паведамілі нам крыніцы на пляцоўцы, насамрэч, згаданы падрадчык – расейская кампанія Сезам – па-ранейшаму на Астравецкай АЭС працуе і будзе цяпер мантаваць другі корпус рэактара.

Тое, што адзіны ў свеце вядомы выпадак падзення корпусу рэактара здарыўся менавіта на Астравецкай АЭС – невыпадкова. Каб праверыць кваліфікацыю падрадчыка, які ўраніў рэактар, мы звярнуліся ў Белбудцэнтр – нацыянальнае агенцтва, дзе ліцэнзію на будаўніцтва абавязаная атрымаць кожная будаўнічая арганізацыя ў Беларусі, у тым ліку – замежная, у тым ліку – найдрабнейшы субпадрадчык. Як паведамілі нам у аддзеле ліцэнзаванне, ані фірма Сезам, ані холдынг Энергаатамінжынірынг, куды яна ўваходзіць атэстацыю ў іх не праходзілі.

«Гэта не адпавядае заканадаўству, указу, і тым палажэнням, якое выдадзена нашым міністэрствам. І патрабаванні гэтыя – абавязковыя», – распавёў архітэктар Лявонцій Зданевіч.

Гэты выпадак на АЭС – не адзінкавы

У некаторых беларускіх падрадчыкаў пацвярджэнне кваліфікацыі ёсць, але на працы ніжэйшага ўзроўню складанасці. Адмыслоўцы тлумачаць – паводле беларускай сістэмы атэстацыі, на абʼекце кшталту АЭС могуць працаваць арганізацыі выключна першай катэгорыі. Між тым, як прызнаў нам адзін з чатырох галоўных падрадчыкаў на АЭС – генеральны інжынер акцыянернага таварыства «Будаўнік», ліцэнзію першай катэгорыі яны яшчэ толькі спрабуюць атрымаць.

«У нас дзейны атэстат другой катэгорыі – на выкананне Генпадрадных работаў, і цяпер мы знаходзімся ў стадыі атрымання атэстату першай катэгорыі», – патлумачыў галоўны інжынер ААТ «Будаўнік» Аляксандр Тарнаповіч.

Між тым, на атамнай станцыі кампанія працуе з 2012 году. На пачатку выконвала падсобныя працы. Але два гады таму выйграла тэндэр на ўзвядзенне шэрагу ключавых абʼектаў атамнай станцыі і некаторыя з іх ужо завяршае.

«Закончаныя будаўніча-мантажныя работы, цяпер вядзецца мантаж абсталявання, гэта – навучальна-трэніровачны цэнтр. Насосная станцыя аўтаматычнага пажаратушэння, газавы корпус, сталовая. Гэта – абʼекты, якія базуюцца непасрэдна на тэрыторыі атамнай станцыі», – зазначыў Аляксандр Тарнаповіч.

Незалежныя адмыслоўцы прызнаюць, што беларуская сістэма атрымання атэстацыі вельмі забюракратызаваная і тое, што за два з паловай гады гады адзін з галоўных дзейных падрадчыкаў на будаўніцтве АЭС дагэтуль ня здолеў яе атрымаць, не абавязкова сведчыць пра яго некампетэнтнасць. Але палохае іх тое, што пры бескампрамісна строгім кантролі за выкананнем ліцэнзійных патрабаванняў на звычайных будаўнічых абʼектах, на атамнай электрастанцыі, улады пастаянна ідуць на кампрамісы ў справе бяспекі, калі гэта дазваляе зэканоміць грошы ці час.

Станіслаў Івашкевіч, Менск

Стужка навінаў