На 25 красавіка ўрад запланаваў рэспубліканскі суботнік. Грошы пойдуць на рэканструкцыю братняй магілы


Савет Міністраў прыняў пастанову аб правядзенні 25 красавіка рэспубліканскага суботніка, паведамляе Нацыянальны прававы партал Беларусі.

«Дзяржаўныя органы і арганізацыі на добраахвотнай аснове могуць правесці рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкаваць і прывесці ў парадак гісторыка-культурныя каштоўнасці, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезону», – гаворыцца ў паведамленні.

Асабісты ўдзел у рэспубліканскім суботніку возьмуць кіраўнікі дзяржорганаў.

Палова грошаў, заробленых падчас суботніка, будуць накіраваныя на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рамонт або рэканструкцыю мемарыяльных комплексаў. Другая палова пойдзе на рэстаўрацыю «Нацыянальнага мастацкага музею Рэспублікі Беларусь» ды рэканструкцыю братняй магілы на месцы спаленай падчас Другой сусветнай вайны вёскі Олы ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.

14 студзеня 1944 г. нямецкія вайскоўцы спалілі жыхароў вёскі Ола і суседніх вёсак. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў, кідалі ў агонь жывымі. У той дзень расстралялі і спалілі 1758 мірных жыхароў, з іх 100 мужчын, 508 жанчын, 950 дзяцей. Спаленая зямля вёскі Ола знаходзіцца на могілках вёсак у мемарыяльным комплексе «Хатынь».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў