МЗС: некалькі месяцаў беларусы будуць плаціць за візы € 80

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, фота sputnik.by

З прычыны пераносу падпісання дамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў у лютым можа ўзрасці да € 80. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз.

Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што Беларусь была гатовая падпісваць пагадненні пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісію з 18 верасня, але «еўрапейскія партнёры за тры месяцы не змаглі завяршыць свае працэдуры і агучылі прапанову зрабіць гэта ў студзені наступнага года».

ЕЗ і Беларусь падпішуць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ў студзені 2020 года

Зараз еўрапейскі бок папрасіў яшчэ 3 тыдні для тэхнічнай зверкі тэксту гэтага пагаднення. Пасля падпісання пагаднення падлягаюць ратыфікацыі Нацыянальным сходам Беларусі і Еўрапейскім парламентам. Запрацуе спрошчаны візавы рэжым толькі ў першы дзень другога месяца пасля абмену паведамленнямі пра выкананне бакамі гэтых працэдураў.

«Ужо цяпер відавочна, што пры падпісанні ў прапанаваныя ЕЗ тэрміны дамовы не ўступяць у сілу да пачатку дзеяння новага Візавага кодэкса ЕЗ, які прадугледжвае павышэнне кошту шэнгенскіх візаў да € 80 (2 лютага 2020 г.). Гэта значыць, як мінімум некалькі месяцаў беларускія грамадзяне будуць вымушаныя плаціць за шэнгенскую візу не € 35, а € 80», – сказаў Глаз.

Паводле яго, гэтая сума для грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца на першым месцы ў свеце па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў, будзе вельмі цяжкай.

Якія плюсы ў спрошчанага візавага рэжыму, акрамя візы за 35 еўраў?

Таму Менск заклікае еўрапейскі бок адшукаць магчымасць прыняцця палітычнага ці юрыдычнага рашэнні для таго, каб «замарозіць» тарыфы за выдачу шэнгенскіх віз беларусам да ўступлення ў моц пагаднення паміж Беларуссю і Еўразвязам аб спрашчэнні выдачы віз.

19 снежня Рада ЕЗ зацвердзіла рашэнне аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб рэадмісіі. Але для ўступлення ў сілу яно павінна быць апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕЗ. Брусэль прапанаваў Беларусі падпісаць дамову аб рэадмісіі ў студзені 2020 года.

МГ belsat.eu

Hавiны