На расейскім «Першым канале» агучылі інфармацыю, што ад каронавірусу «першыя смерці зафіксаваныя ў ЗША, Аўстраліі, Тайландзе і Беларусі». Міністэрства аховы здароўя адзначае, што гэта хлусня, і абяцае, што справу возьме пад кантроль МЗС.
Міністэрства аховы здароўя абуранае паведамленнем на расейскім тэлебачанні. «Першы канал» агучыў, што ад каронавірусу ў Беларусі памёр чалавек.
«У сувязі з распаўсюджваннем фэйкавай інфармацыі ў дачыненні да Беларусі, якая прагучала на расейскім «Першым канале», будуць прынятыя адпаведныя захады рэагавання з боку Міністэрства замежных справаў», – адзначае Мінаховы здароўя Беларусі.
Паводле Мінаховы здароўя, у Беларусі зарэгістраваныя тры выпадкі, у якіх у пацыентаў выявілі фрагменты РНК, што, верагодна, належаць тыпу каронавіруса 2019-nCoV. Усе тры чалавекі адчуваюць сябе здавальняюча, клінічных сімптомаў захворвання ў іх няма.
Неўзабаве пасля рэакцыі беларускага боку, відэа на сайце «Першага каналу» было выдаленае.
СК belsat.eu