Мёртвы генерал патрабуе ахвяраў

Пахаванне іранскага генерала Касэма Салеймані, забітага ракетаю на загад прэзідэнта ЗША, вылілася ў крывавае месіва. Мільён людзей узялі ўдзел у цырымоніі развітання з парэшткамі начальніка іранскага спецназу, 200 чалавек параненыя, 50 загінулі. У параўнанні з мільёнам, вядома, лічба не ўражвае.

Пахаванне ў Кермане.
Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Але я ўспомніў пра іншае пахаванне. Пахаванне генералісімуса Савецкага Саюзу, генеральнага сакратара ЦК КПСС Іосіфа Сталіна. Яно адбылося ў Маскве, 9 траўня 1953 года. Так атрымалася, што мне ёсць што ўспомніць з гэтай нагоды – хоць мяне там і не было.

Там была мая мама. Тая дзяўчына, якой у будучыні, праз адзінаццаць гадоў наканавана было стаць маёй мамай.

Hавiны
Падчас развітання з Салеймані загінулі 40 чалавек. Пахаванне перанеслі
2020.01.07 13:08

У 1952 годзе ад Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі Валянціну Фядуту паслалі на Вышэйшыя курсы работнікаў харчовай прамысловасці. У мамы не было да таго часу ні вышэйшай, ні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А работніцай яна лічылася добрай і перспектыўнай. І дырэктар адправіў яе на курсы – каб у паскораным парадку яна магла атрымаць дыплом.

У Маскве маму і заспела смерць правадыра сусветнага пралетарыяту.

Паводле яе ўспамінаў, плакалі ўсё. Плакалі шчыра. Дарослае жыццё прайшло пры Сталіне (хоць колькі было таго жыцця – мама нарадзілася ў 1925 годзе), з яго імем звязвалі заканчэнне вайны, так што плакалі ад адчування невядомасці. Невядомасць, нявер’е ў будучыню заўсёды спараджаюць страх і слёзы.

Яны з сяброўкай вырашылі ісці развітвацца з правадыром. Чаму? «Дуры былі», – потым, праз шмат гадоў мама распавядала мне гэтую гісторыю ды ўздыхала.

Яны ішлі нейкімі вузкімі маскоўскімі вуліцамі, спрабавалі абыйсці ачапленне і трапіць на Красную плошчу. Спачатку людзі ішлі неяк натуральна, паміж імі была нейкая адлегласць. А потым гэтая адлегласць станавілася ўсё менш і менш…

Міліцыя не магла нікога спыніць. Натоўп убіраў у сябе міліцыянтаў, як губка ўбірае ваду.

Фота: WANA NEWS AGENCY / Reuters / Forum

Коннай міліцыі было прасцей. Коні дзіка ржалі, але супраціўляліся інерцыі руху. Да таго ж, у конных міліцыянтаў у руках былі бізуны. Страляць па тым, хто плакаў, было нельга, але бізунамі іх біць ніхто не забараняў.

Двух дзяўчат, якія галасілі і якіх ухапіла натоўпам, заўважыў конны міліцыянт, калі тыя праходзілі побач. Ён крычаў на іх, казала мне потым мама, але яны не чулі голасу і не разумелі, што ён крычыць. Толькі бачылі скажоны крыкам рот.

І тады ён пачаў біць іх бізуном. Біў моцна.

У спробе ўвярцецца ад нагайкі дзяўчыны неяк незаўважна для сябе выбіліся з натоўпу і змаглі спыніцца. Яны стаялі і плакалі. Як жа так, думалі яны, нам жа трэба развітацца з правадыром. Як мы будзем жыць, калі не развітаемся?

Hавiны
Ці ліквідацыя іранскага генерала – пачатак Трэцяй сусветнай? І чаму не
2020.01.04 15:40

Вось так і жылі яны потым. Проста жылі. А той, каго не выратаваў ад цісканіны бізун коннага міліцыянта, мог і не выжыць. Афіцыйных дадзеных пра тое, колькі людзей растапталі натоўпам, няма дагэтуль. Паводле некаторых дадзеных – каля чатырохсот. Калі параўноўваць з лікам рэпрэсаваных – няшмат. А калі з агульнай колькасцю насельніцтва СССР – так і пагатоў.

Паэт Герман Плісецкі пісаў потым у паэме «Труба»:

Вперёд, вперёд, свободные рабы,

достойные Ходынки и Трубы!

Там, впереди, проходы перекрыты.

Давитесь, разевайте рты, как рыбы.

Вперёд, вперёд, истории творцы!

Вам мостовых достанутся торцы,

хруст рёбер и чугунная ограда,

и топот обезумевшего стада,

и грязь, и кровь в углах бескровных губ.

Вы обойдётесь без высоких труб.

«Труба» – гэта Трубная плошча ў Маскве. Недзе там, на падыходзе да Трубнай, маму і спынілі бізуном.

Чаму яны ўсё ішлі туды? Ніхто ж не прымушаў. Ніякія ідэолагі ня зганялі іх па разнарадцы, ня адзначалі «галачкай» у ведамасці, каб потым даць «адгул». Самі ішлі. Таму што верылі – да фанатызму.

Дыктатуры патрэбныя фанатыкі. Толькі яны ставяць трупы ў іерархіі каштоўнасцяў вышэй за жывых людзей. Толькі дзеля іх, у памяць пра іх, яны гатовыя забіваць і ахвяраваць сабой.

Вось цікава, у амбасадзе Ірану ў Менску напэўна адкрыли кніга спачуванняў з нагоды трагічнай гібелі вялікага сына іранскага народа Касэма Сулеймані? Колькі там пакінулі подпісаў шараговыя менчукі? Думаю, не так і шмат. Ва ўсялякім выпадку, калі натоўп быў, нам бы пра гэта ўжо паведамілі.

Але – гэта не наш правадыр. У нас на гэты раз усё жывыя.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў