Мёртвай жанчыне забаранілі выезд за мяжу ды карыстанне аўтам і тэлефонам


Амаль 3 гады цела жанчыны праляжала ў кватэры. Увесь гэты час на пліце гарэў газ, з крана цякла вада, а ў скрыні ўжо не змяшчаліся рахункі за ЖКГ. Але памяшканне ўскрылі, толькі калі ў суседкі знізу пачало капаць са столі.

У гучнай гісторыі пра труп жанчыны, які праляжаў у менскай кватэры ледзь не 3 гады, ёсць працяг. Прадстаўнікі разлікова-даведкавага цэнтру распавялі «Белсату», што яны спрабавалі спагнаць пазыку з жанчыны.

Той самы дом на вуліцы Пляханава.
Фота: Belsat.eu

– Мы звярталі ўвагу, што ў гэтай кватэры вялікая запазычанасць па аплаце камунальных плацяжоў. Мы хадзілі размаўлялі з суседзямі, звярталіся ў міліцыю. Пісалі лісты ў «Менгаз» і «Водазбыт», каб там адключылі газ і ваду, – паведаміла «Белсату» намесніца начальніка разлікова-даведкавага цэнтру №2 Ленінскага раёну Валянціна Чэкун.

Паводле яе, у кватэры памерлай Таццяны Яўменчык адключылі электрычнасць у снежні 2018 года. Газ і ваду адключыць не атрымалася – для гэтага трэба было патрапіць у кватэру. Нагадаем, што менавіта незакручаны кран, вада з якога пачала падтопліваць суседзяў, дапамог знайсці труп жанчыны. Таксама на пліце гарэў газ.

Фота: Belsat.eu

– Мы падавалі судоваму выканаўцу хадатайніцтва аб росшуку ў сувязі з адсутнасцю даўжніка. Таццяне Яўменчык быў часова забаронены выезд за мяжу, карыстанне аўтатранспартам і сотавай сувяззю, – распавядае Валянціна Чэкун.

Hавiны
«Зараз паляцяць галовы». Што кажуць жыхары дому, дзе знайшлі труп жанчыны
2020.02.23 16:49

Зараз запазычанасць за камунальныя плацяжы складае 1562,79 руб.асноўнага доўгу і 1592,61 руб. пені. Агульная сума запазычанасці – 3155,40 руб.

Труп Таццяны Яўменчык знайшлі 14 лютага ва ўласнай кватэры па адрасе Пляханава, 125. Жанчына праляжала на кухні прыкладна тры гады, і за гэты час яе цела пераўтварылася ў мумію. Прычына смерці высвятляецца судова-медычнай экспертызай.

Паводле суседзяў жанчыны, яна ні з кім асабліва не стасавалася. Менавіта таму амаль ніхто і не звярнуў увагу на яе знікненне.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў