Мясніковіч распавёў пра некаторыя вынікі свайго візіту ў Польшчу

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падвёў некаторыя вынікі свайго візіту ў Польшчу. У прыватнасці, кіраўнік верхняй палаты беларускага парламенту распавёў, што падчас перамоваў з польскім кіраўніцтвам была агучана ідэя візіту ў Беларусь вялікай групы кіраўнікоў замежных вонкавапалітычных ведамстваў.

«Польскі бок глядзіць на Беларусь як на партнёра. І як на злучэнне паміж Расеяй і Польшчай як часткай Еўрапейскага звязу. Некаторыя элементы мы абгаворвалі, напрыклад, лагістыка, пытанні, звязаныя з палітычнымі кансультацыямі, аб павышэнні ролі «Усходняга партнёрства», Вышаградскай групы, Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы і ўдзелу ў гэтых перамоўных працэсах. У тым ліку, міністр замежных спраў Польшчы спадар Чапутовіч казаў пра магчымы візіт вялікай групы міністраў замежных справаў сюды, у Беларусь, для таго, каб абмеркаваць пытанні менавіта ў гэтай сувязі», – заявіў старшыня Савета рэспублікі.

Таксама падчас сустрэчы ўздымалася і пытанне стварэння ў Польшчы новай амерыканскай вайсковай базы.

«Гэтую тэму я ўздымаў. Польскі бок досыць канструктыўна рэагаваў і запэўніваў і на ўзроўні міністра замежных спраў, і прэзідэнта пра тое, што гэта ні ў якім разе не павінна прывесці да нейкай эскалацыі напружанасці», – запэўніў Міхаіл Мясніковіч.

Мясніковіч лічыць, што польскі бок прыняў да ведама занепакоенасць Беларусі і мае намер працягнуць дыялог на ўзроўні кіраўнікоў МЗС дзвюх краінаў.

Мясніковіч: Польшча абяцае «круглы стол» у Менску

СК, belsat.eu

Hавiны