Мяне затрымалі на пікеце: што рабіць? Кароткая інструкцыя


Як максімальна бяспечна выказваць сваё меркаванне падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі? Што рабіць, калі вас затрымліваюць? Мы падрыхтавалі інструкцыю, у якой адказалі на асноўныя пытанні.

Што такое мірны сход?

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека зазначае, што мірны сход – гэта негвалтоўны збор некалькіх людзей, якія хочуць выказаць сваё меркаванне. Там людзі могуць праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю праз розныя спосабы: плакаты, сімволіку, перформансы, флешмобы… Ці тыя ж самыя пікеты, якія зараз адбываюцца па ўсёй Беларусі – калі людзі становяцца ў ланцуг і такім чынам выказваюць сваю падтрымку арыштаваным палітыкам.

Пратэст 20 снежня 2019 года.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Мірныя сходы не мусяць мець рэальных пагрозаў да дзяржаўнай і грамадскай бяспекі. Гэта не павінныя быць гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да кагосьці. Напрыклад: перайсці дарогу на чырвонае святло – можа быць, хоць і не вітаецца, але біць шкло ў вокнах – дакладнае парушэнне.

У Беларусі на правядзенне любога сходу мусіць быць дазвол ад гарадскіх уладаў. Ад 2019 году ў гарадах ёсць спецыяльныя зоны, дзе можна праводзіць акцыю. Трэба толькі папярэдзіць мясцовыя ўлады ды аплаціць збор за паслугі міліцыі па ахове парадку, камунальных службаў і медыкаў.

Любы мірны сход у Беларусі мусіць быць заяўлены, інакш гэта лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем згодна з артыкулам 23.34 КаАП РБ. Пакаранне – ад штрафу да адміністрацыйнага арышту (тыя самыя 15 содняў). Беларускае заканадаўства ў гэтай справе супярэчыць міжнародным нормам.

Мужчына з бел-чырвона-белым сцягам на пікеце альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску. 7 чэрвеня 2020 г.
Фота: belsat.eu

Пачынаюцца затрыманні: што рабіць?

Роля працаўнікоў міліцыі – забеспячэнне парадку на сходзе, аднак у Беларусі яе трактуюць на ўласны манер. Фактычна на кожным сходзе ёсць людзі ў звычайнай вопратцы, якія здымаюць усё і ўсіх на адмысловыя камеры або тэлефоны. Апошнімі днямі вельмі часта менавіта людзі ў цывільным затрымлівалі ўдзельнікаў пікетаў ці ўвогуле простых мінакоў.

На любых мірных сходах ёсць і звычайныя міліцыянты ў форме. Яны могуць хадзіць з мегафонам і папярэджваць, што акцыя несанкцыянаваная і прасіць удзельнікаў разысціся. Аднак нават гэта не значыць, што далей будуць затрыманні.

Горадня: міліцыянты змушаюць людзей разысціся
Горадня: міліцыянты змушаюць людзей разысціся.
Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu

Затрыманні звычайна адбываюцца ўжо тады, калі ёсць непасрэдная каманда. Яны могуць пачацца падчас акцыі або ўжо пасля: напрыклад на дэманстрацыях 18 і 19 чэрвеня праваабаронцы паведамлялі, як людзей затрымлівалі проста ў дварах дамоў.

Калі не затрымалі падчас сходу, на жаль, гэта не значыць, што не могуць затрымаць і пасля. Гэтак было падчас снежаньскіх акцыяў супраць інтэграцыі: ужо пасля акцыяў удзельнікам прыходзілі лісты з запрашэннямі або ў РАУС або адразу ў суд.

Што рабіць пры затрыманіі

Першае і галоўнае, бадай, правіла: не супраціўляйцеся. Гэта можа прывесці да крымінальнага пераследу за супраціў міліцыянту. Альбо гэта расцэняць як гвалт, пагрозу гвалту ў дачыненні да працаўніка органаў аховы правапарадку (як у выпадку з Сяргеем Ціханоўскім або Станіславам Барановічам). Нават калі вас пачнуць збіваць – лепш не супраціўляцца, а закрыць важныя органы рукамі. Праз супраціў міліцыянтам вам могуць даць большы штраф або больш содняў на судзе па адміністрацыйным працэсе.

Памятайце, што згодна з законам пры затрыманні міліцыянт мусіць прадставіцца і сказаць, чаму вас затрымліваюць. На жаль, на практыцы гэта не заўсёды адбываецца.

Акцыя салідарнасці з затрыманымі па «справе баевікоў»

Вашая галоўная задача – цэлым дабрацца да аддзялення міліцыі, дзе, найбольш верагодна, на вас будзе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Пакуль не забралі тэлефон – паведаміце блізкім аб вашым затрыманні. Лепей калі гэта будзе чалавек, які ведае, што рабіць у падобных сітуацыях і здолее паведаміць інфармацыю праваабаронцам.

У аддзяленні міліцыі

Шмат хто пачынае памылкова патрабаваць тэлефоннага званка. Адміністрацыйны кодэкс не прадугледжвае права на званок, але па вашай просьбе абавязвае працаўніка міліцыі паведаміць блізкім сваякам і паўнагадовым чальцам сям’і аб вашым месцазнаходжанні.

На практыцы так адбываецца не заўсёды. Напрыклад, вашым бацькам могуць патэлефанаваць толькі пасля доўгіх і настойлівых просьбаў.

У пастарунку без складання пратаколу вас могуць трымаць да 3 гадзінаў, пасля абавязаны скласці пратакол і трымаць не болей за 72 гадзіны да суду. Час лічыцца ад моманту затрымання, але яго лепей праверыць у пратаколе.

Уважліва чытайце пратакол. Вы маеце права рабіць свае заўвагі і карэктывы. Калі вы не згодныя, то пазначайце, чаму і дзе менавіта вы не згодныя. Там жа трэба ўказаць усе парушэнні, якія здзейснілі працаўнікі міліцыі.

Што рабіць сваякам і сябрам?

Трэба тэлефанаваць у РАУС і запытваць, ці знаходзіцца там такі і такі чалавек. Як зазначаюць праваабаронцы, гэта часта пераўтвараецца ў сапраўдны квэст. Дзяжурныя РАУС могуць хлусіць, што гэты чалавек не знаходзіцца ў іх, хоць і абавязаныя гэта рабіць. Таксама можна спраўджваць факт затрымання ў праваабаронцаў, якія вядуць спісы затрыманых. Гэтак адбывалася 19 і 20 чэрвеня.

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня.
Фота: belsat.eu

Абарона

У адміністрацыйным працэсе не бывае бясплатных адвакатаў. Але калі ў вас заключаная дамова з нейкім адвакатам, то ён можа прыйсці і аказаць вам дапамогу.

Адвакат будзе прадстаўляць вашыя інтарэсы ў судзе, а калі справа дойдзе да адміністрацыйнага арышту, ён ці яна будзе адзіным чалавекам, які здолее наведаць вас і абараніць вашыя інтарэсы.

Важна: калі вас затрымліваюць у пятніцу і не выпускаюць праз 3 гадзіны, то, хутчэй за ўсё, суд адбудзецца ў панядзелак, бо па суботах і нядзелях суды не працуюць. Калі суд пакараў вас соднямі арышту, то яны будуць лічыцца ад моманту затрымання. Напрыклад, вас затрымалі ў пятніцу, а ў панядзелак вам далі 5 содняў арышту. Гэта вызначае, што ўжо 2 содняў вы адсядзелі.

Карысныя кантакты

У Менску і абласных гарадах працуе праваабарончы цэнтр «Вясна». Цэнтр не зарэгістраваны ў Беларусі, але моцна дапамагае падчас затрыманняў. Яны аказваюць юрыдычнае падтрыманне затрыманым і збіраюць статыстыку. У тым ліку на іх сайце можна спраўджваць спісы затрыманых – калі раптам вы не змаглі атрымаць дакладную інфармацыю ад дзяжурнага РАУСа.

Арганізацыя «Прававая ініцыятыва» паабяцала бясплатную юрыдычную дапамогу ўсім, хто сутыкнуўся з жорсткім абыходжаннем падчас затрымання або ў РАУС падчас акцыяў салідарнасці з палітвязнямі.

Дзякуем за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкулу Наталлі Сацункевіч (праваабарончы цэнтр «Вясна») і Сяргею Усцінаву (арганізацыя «Прававая ініцыятыва»).

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў