Мянчанцы, якая ездзіла на самакаце і трапіла ў аўтазак, вынеслі папярэджанне

20 чэрвеня Вікторыю разам са стрыечным братам Аляксандрам затрымалі на праспекце Незалежнасці, каля цырку. Дзяўчыну без падставаў з ужываннем фізічнай сілы зацягнулі ў аўтобус, ноч яна правяла ў дворыку Савецкага УУС тварам да сцяны.

АМАП затрымаў Вікторыю ўначы 20 чэрвеня на праспекце Незалежнасці ля ейнага дому. Мянчанка ездзіла са сваякамі на самакаце, а ў выніку трапіла ў аўтазак.

Вікторыя са стрыечным братам Аляксандрам, якога моцна збілі ў аўтазаку. Фота суразмоўцы

У аддзяленні міліцыі ў дзяўчыны здарылася істэрыка. Падпісваць пратакол Вікторыя адмовілася, бо звесткі аб месцы і часе затрымання былі выдуманыя. У дакументах напісалі, што яе затрымалі на плошчы Якуба Коласа за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, за выкрыкванне «Стоп таракан» ды іншых лозунгаў.

«Толькі адзін адмовіўся збіваць». Мянчук трапіў у аўтазак за пытанне інспектару ДАІ

29 чэрвеня дзяўчыне прыйшла позва з’явіцца на суд. Вікторыя пайшла на разгляд справы са стрыечнаю сястрой Аляксандрай у якасці сведкі. Паводле мянчанкі, у зале паседжанняў быў толькі суддзя і сакратар.

«Выглядала ўсё, як цырк-шапіто. Мне нават не задалі ўдакладняльных пытанняў. Да «сведкаў» званілі праз «Скайп» разы тры, толькі на чацвёрты яны паднялі. Яны не маглі звязаць двух словаў. Усім было зразумела, што гэта поўнае трызненне, і яны мяне не ведаюць і не затрымлівалі».

Суддзя Аляксандр Воўк не ўлічыў ані сведчанняў сястры, ані фота і відэа, якія паказала Вікторыя як доказ таго, што яна не ўдзельнічала ў акцыі ды была ў іншым месцы. Мянчанцы вынеслі папярэджанне.

«У аўтазаку мяне пасадзілі ў закрыты бокс без вокнаў і святла. Я чула крыкі, як білі людзей. Калі адпускалі з аддзялення, пагражалі, што калі яшчэ раз зловяць, будзе дрэнна. Страшна выйсці на вуліцу. Ніколі не чакала, што магу быць у небяспецы ў сябе ўдома».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Васіль Малчанаў / Belsat.eu
  • Падчас ланцугоў салідарнасці па ўсёй Беларусі затрымалі больш за 360 чалавек. Міністр унутраных справаў Юрый Караеў заявіў, што ў цяперашняй сітуацыі непазбежныя выпадкі, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў, перарываючы несанкцыянаваныя мерапрыемствы, «ненаўмысна кранаюць старонніх людзей». Таму ён патрабуе ад падначаленых, каб у міліцыю не патрапілі тыя, «хто не хацеў у гэтым удзельнічаць», а супрацоўнікаў АМАПу просіць не біць, не прымяняць фізічную сілу, не даставаць спецсродкі.

ДР belsat.eu

Hавiны