Мы нізка ўпалі. Галоўнае пра KEF, тлумачым на шкарпэтках

Беларусь у дзіўным новым свеце – адзін з галоўных слоганаў сёлетняга Кастрычніцкага эканамічнага форуму. Ліст спікераў: ад віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына і заснавальніка інвестыцыйнага фонду «VP Capital» Віктара Пракапені, да карэспандэнтаў выданняў «Reuters» і «Financial Times».

Рэдакцыя Belsat.eu нізка ўпала і сканцэнтравалася на шкарпэтках удзельнікаў форуму. Разам з гэтым мы вельмі коратка ўзгадваем галоўныя заявы з першага дня KEF. Пераважная большасць шкарпэтак была чорнага колеру. Як і прагнозы адносна будучыні дзяржаўнага сектару беларускай эканомікі. З прагнозамі адносна нашай IT-будучыні ўсё добра. Яны каляровыя, як шкарпэткі Віктара Пракапені.

IT-гуру Віктар Пракапеня, мы разгледзелі на шкарпэтках колеры вясёлкі. Фота Ірыны Арахоўскай

У часе Форуму заснавальнік «VP Capital», IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня заявіў, што ў бізнесу і ўладаў ёсць агульнае бачанне развіцця IT-сферы.

«Ужо цяпер IT-сектар дае больш ВУП, чымся ўсё Міністэрства прамысловасці. Патэнцыял гэтай сферы вялізарны», – падкрэсліў Пракапеня.

Пра тое, калі чакаць нам Міністэрства лічбавага развіцця, пра якое ішлося ў пачатку года, удзельнікі форуму не казалі. Прынамсі гучных заяваў з гэтай нагоды няма пасля зменаў кіраўніка Савету Міністраў.

Сяргей Харытонаў у елачках. Фота Ірыны Арахоўскай

Карэспандэнт выдання «Настоящее время» яшчэ напярэдадні анансаваў, што будзе мадэратарам самай цікавай панэлі – пра будучыню IT у краіне.

Антон Раднянкоў. Фота Ірыны Арахоўскай

Жоўта-бардовае і Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтру новых ідэяў. Дарэчы, наконт новых ідэяў, у якасці гістарычнага прыкладу паспяховых эканамічных зменаў віцэ-прэм’ер Турчын прывёў рэформы Дэна Сяў Піна ў Кітаі.

Зялёныя крыжыкі блогера Антона Матолькі. Фота Ірыны Арахоўскай

Паралельна з удзелам у KEF Антон у сваім тэлеграм-канале посціў здымкі вытворцаў шапікаў «Табакерка». BTW адмысловыя шапікі для продажу цыгарэтаў з’явіліся днямі ў Гомлі.

Тут мы пакінем проста «без каментара»

KEF атрымаў шырокую вядомасць пасля праграмных заяваў былога дарадцы прэзідэнта, амбасадара Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага. Але на сёлетні форум адзін з галоўных лібералаў краіны не даехаў.

І нават так

Сярод іншых гучных заяваў – у 2020-ым мы далучымся да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Мы ідзем туды ўжо 25 гадоў.

Джэймз Шотэр, карэспандэнт «Financial Times» у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Фота Ірыны Арахоўскай

Менавіта «FT» – адное з галоўных замежных выданняў, якое шмат увагі надае ПВТ і нашай краіне ў кантэксце ўсходнееўрапейскага IT-габу.

Нехта прыйшоў увогуле без шкарпэтак. Фота Ірыны Арахоўскай

Самае галоўнае на такіх імпрэзах, як кажуць, нэтворкінг. Замест запісаў з кулуарных размоваў проста чырвоныя шкарпэткі.

Аляксандр Баразенка, аператар «Белсату». Фота Ірыны Арахоўскай

Мы проста не маглі не адзначыць Алеся. Belsat.eu працягне працу на Кастрычніцкім эканамічным форуме заўтра.

Аркадзь Несцярэнка, фота Ірыны Арахоўскай, belsat.eu

Hавiны