«Мы не баімся міліцыі! Нам ужо няма чаго губляць!»


Гэтая зала на вуліцы Мяснікова трыццаць дзевяць у Менску сёння мелася быць запоўненая людзьмі. Такое раней казалі чыноўнікі Міністэрства эканомікі. Арганізатары прадпрымальніцкага форуму вырашылі спраўдзіць. Такую карціну заспелі тут а 12-й гадзіне.

«Я падняўся да дырэктара. Ён сказаў: ну вы ж самі ўсё разумееце. Я кажу: вядома разумею, але і вы мусіце зразумець, што, выходзячы са сваёй працы, вы сутыкаецеся з рэаліямі людзей, калі падаюць заробкі, долар расце», – распавядае Анатоль Шумчанка, лідар абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва».

А ў доме культуры МАЗ, дзе здаць у арэнду памяшканне для правядзення форуму таксама адмовілі, сёння праходзілі вайсковыя вучэнні ў перадухіленні тэрактаў.

А як перадухіліць некантраляваныя канфлікт гандляроў з уладаю? На гэтае пытанне намагаюцца адказаць прадстаўнікі прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва». Чарговая спроба і новая дата сходу прызначаная на 1 лютага. Маўляў, сустрэчу неабходна правесці як мага хутчэй.

«Куды б я не прыйшоў, з кім бы не размаўляў, усе кажуць, што хочуць ісці на Плошчу. Практычна ўсе. Настроі радыкальныя. Таму я заклікаю ўлады выкарыстаць пляцоўку перамоваў «Перспектывы» у выглядзе форуму, прыйсці ды размаўляць з людзьмі», – зазначае Анатоль Шумчанка.

Пакуль жа ў краіне працягваюцца страйкі ды пратэсты. Каля 300 ІП у Баранавічах прыйшлі на сустрэчу з мясцовымі чыноўнікамі. Галоўнае патрабаванне – адмена ўказу №222, які забараняе гандаль без сертыфікатаў таварамі лёгкай прамысловасці з краінаў Мытнага саюзу. Аднак перамовы скончыліся безвынікова.

«3 гадзіны прасядзелі ўпустую. Яны ж не могуць сказаць, што нам спачуваюць. Яны кажуць: бярыце тавар, сертыфікуйце. Нічога ў іх не атрымалася, абсмяялі іх, падняліся і дэманстратыўна пакінулі залу», – дзеліцца ўражаннямі Мікалай Чарнавус, прадпрымальнік з Баранавічаў.

Крызіс вакол дробных гандляроў усё больш адчуваюць на сабе і звычайныя пакупнікі.

«Я адмоўна стаўлюся да таго, што яны не працуюць. Патрэбны гандаль. Гэтыя пытанні трэба развязваць», – мяркуе жанчына.

«Тавараў стала менш, магчымасцяў нешта купіць стала менш», – дадае іншая міначка.

«Мне не падабаецца, што людзі губляюць свой прыбытак, улады мусяць пайсці ім насустрач», – падсумоўвае мужчына.

Свой прыбытак губляе і дзяржава ў выглядзе недаплачаных падаткаў. Пераважная большасць ІП не ўстане аднавіць працу, рынкі амаль апусцелі. На мінулым тыдні па краіне прайшла хваля пратэстаў гандляроў. Некалькі соцень ІП выйшлі на акцыю ў Берасці. Патрабавалі адмену прэзідэнцкага ўказу ў Магілёве, намагаліся агучыць свае праблемы гандляры Маладзечна. Але найбольш бурлівая акцыя пратэсту прайшла ў Віцебску.

«Мы не баімся міліцыі! Нам ужо няма чаго губляць!», – абураецца прадпрымальніца з Віцебску.

Новы тыдзень можа прынесці новую хвалю незадаволенасці людзей, пазбаўленых сродкаў на існаванне.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў