«Мы хочам, каб нас пачулі». Сваякі асуджаных паводле эканамічных артыкулаў звярнуліся ў адміністрацыю Лукашэнкі

Грамадзянская ініцыятыва «Справядлівы прысуд», якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за эканамічныя злачынствы, накіравала зварот кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Ігару Сергяенку з просьбай гуманізаваць пакаранні, аднавіць правы несправядліва асуджаных і стварыць адмысловую камісію ў памілаванні. Тэкст ліста перадалі журналістам belsat.eu прадстаўнікі ініцыятывы.

Аўтары ліста адзначаюць, што ў крымінальных справах іх блізкіх маецца шэраг парушэнняў – у тым ліку фальсіфікацыя доказаў, ціск, няправільная кваліфікацыя зробленага.

«Такім чынам, у месцах пазбаўлення волі на доўгія гады апынуліся людзі, якія не маюць той ступені віны і таго складу злачынства, па якім іх асудзілі», – падкрэсліваецца ў лісце.

Сябры ініцыятывы «Справядлівы прысуд» наракаюць на абвінаваўчы ўхіл у беларускаму правасуддзі: на іх думку, у судзейскім корпусе сфармавалася перакананне ў тым, што «справа, якая патрапіла ў суд, ужо даказаная на сто працэнтаў». І калі падазраваны ў ходзе следства трапляе пад варту, то ён абавязкова ў выніку прысуджаецца да пазбаўлення волі. Акрамя таго, з асуджаных спаганяюць вялізныя сумы.

«Пры такіх умовах адбываецца наступнае: людзі асуджаюцца, адпраўляюцца адбываць пакаранне, на іх ускладаецца пакрыццё недаказанай шкоды, на выплату якой сродкаў няма. І пра гэта следства ведае першапачаткова, бо правярае ўсе маёмасць і актывы, накладаючы арышт на бытавую тэхніку 10 гадовай даўніны, якая фактычна нічога не каштуе. У гэтым выпадку закранаюцца інтарэсы ўсіх чальцоў сям’і, якія пражываюць з абвінавачваным», – гаворыцца ў лісце.

На думку «Справядлівага прысуду», «у дачыненні да справаў па эканамічных злачынствах, аднесеных да карупцыйных, складаецца сітуацыя, аналагічная справах па арт. 328 КК РБ» – пад пераследу трапляюць невінаватыя людзі.

Валянцін Сукала паабяцаў, што суды зоймуцца пераглядам выракаў па «наркатычных справах»

Сваякі асуджаных просяць Лукашэнку разгледзець пытанне аб стварэнні на аснове дзейнай камісіі па памілаванні асобнага напрамку па разглядзе справаў, «у абставінах і прысудах якіх прысутнічаюць усе выкладзеныя ў дадзеным звароце довады». Туды прапануецца ўключыць былых суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, пракурораў, дэпутатаў парламента, якія не працуюць больш за 10 гадоў, а таксама праваабаронцаў і адвакатаў. Аўтары ліста патрабуюць аднавіць канстытуцыйныя правы грамадзянаў, асуджаных несправядлівымі прысудамі.

«Адказнасць за гэтых людзей на сябе могуць узяць сваякі пры пэўных на заканадаўчым узроўні ўмовах», – адзначаецца ў лісце.

«Справядлівы прысуд» прапануе заканадаўча прыраўняць 1 дзень у СІЗА да 2,5 днях у калоніі, бо рэжым утрымання ў СІЗА больш суровы. Прапануецца ўвесці мараторый на дзеянне змяненняў у Крымінальны кодэкс, па якім асобы, асуджаныя па карупцыйных (эканамічным) артыкулах, пазбаўленыя права на ўмоўна – датэрміновае вызваленне і іншыя паслабленні.

«Кожны дзень для нашых блізкіх, асуджаных незаконна і несправядліва ў месцах пазбаўлення волі – гэта цэлае жыццё, і няма ніводнага дня, каб мы – іх блізкія і родныя людзі, пра гэта не думалі. І мы хочам, каб нас пачулі ўлады і таксама пачалі думаць пра тое, што адбываецца ў краіне, пра нас і нашых блізкіх людзях, як не аб лішнім элеменце, а як аб паўнавартасным, а галоўнае паўнапраўным складніку нашай дзяржавы».

Подпіс пад зваротам паставілі 2 357 чалавек, сцвярджаюць актывісты ініцыятывы.

«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне

ІІ belsat.eu

Hавiны