«Мусім ахвяраваць святам, каб ратаваць краіну». Бабруйская «Славянка» шые мільён масак


У Бабруйску больш за тысячу чалавек задзейнічаныя ў пашыве марлевых павязак. У лютым пашылі 400 тысячаў адзінак, цяпер вытворчасць павялічылі ўдвая. Выраб адзення цалкам спынілі, швачак выклікаюць на працу перад 8 сакавіка.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

На пашыў адной маскі – каля хвіліны

Пасля навіны пра тое, што ў Беларусі зарэгістраваны каронавірус «SARS-CoV-2», медычныя маскі ў нас становяцца ледзь не таварам паўсядзённага попыту. Прынамсі, такое ўражанне складваецца, калі бачыш у аптэках таблічкі з надпісамі «масак няма», а «Беллёгпрам» заяўляе пра перапрафіляванне 15 прадпрыемстваў дзеля пашыву медычных вырабаў – каб задаволіць попыт.

Штодзень гэтыя прадпрыемствы будуць шыць па 550 тысяч масак. Як паведамляе канцэрн на сваім афіцыйным сайце, на 5-га сакавіка замоўцам ужо паставілі каля 1,2 млн марлевых павязак.

Адной з першых шыць маскі пачала бабруйская фабрыка «Славянка» па замове ад «Белмедтэхнікі». На гэтую працу адразу перавялі два цэха – гэта крыху больш за 200 супрацоўніц. Яны ў лютым адшылі 400 тысяч масак. Цяпер жа выпуск прадукцыі павялічаны ў два разы, у пашыве задзейнічаныя ўсе супрацоўнікі прадпрыемства.

Фота: Belsat.eu

Belsat.eu паразмаўляў са швачкай Надзеяй, якая ўжо шмат гадоў працуе на «Славянцы». Жанчына распавяла, што цяпер нагрузка вельмі значная, і, відавочна, будзе яшчэ большай, бо «паступіла новая замова на мільён масак». Марлевыя павязкі робяцца даволі хутка – на пашыў адной патрэбна каля хвіліны. Як распавяла Надзея, за дзень брыгада з трох чалавек адшывае 700 масак. Але аб’ёмы вытворчасці сурʼёзныя, і ўсё павялічваюцца, таму людзей выклікаюць на працу ў выходныя, нават напярэдадні 8-га сакавіка.

«Быў сход пазаўчора, і нам паведамілі, што ўжо дакладна будзем працаваць 7-га сакавіка. Каб шыць маскі, нас вызваляюць ад асноўнай працы – пашыву адзення», – распавяла Надзея.

Працаўнікі кажуць, што, хутчэй за ўсё, гэта не апошняя замова, і шыць маскі «Славянка» будзе ўвесь сакавік і працягне ў красавіку.

Фота: Belsat.eu

За дзень – да 80 тысячаў масак

Тое, што фабрыка, на якой большасць персаналу – жанчыны, будзе працаваць напярэдадні 8-га сакавіка, пацвердзіла і начальніца вытворчага аддзелу Ірына Іваненка.

«Сітуацыя ў краіне вельмі напружаная, і прыходзіцца ахвяраваць святам, мусім працаваць, таму што трэба ратаваць краіну», – распавяла жанчына.

Спадарыня Іваненка зазначыла, што, калі яшчэ на пачатку лютага попыт на маскі быў мінімальным, то літаральна тыдзень таму павялічыўся настолькі, што паўстала неабходнасць працаваць і ў выходныя. Апошні раз на фабрыцы такое было ў 2009-м годзе, калі была эпідэмія свінога грыпу.

«Замовы паступаюць штодзень – званкі ад мінімум 30 арганізацый, і мы ўсім рэгулярна адгружаем нейкую частку, штодзень – ад 70 да 80 тысячаў масак розным арганізацыям, усё, што паспяваем пашыць за содні. На складзе нічога не застаецца», – распавяла начальніца аддзелу.

На сённяшні дзень, паводле Ірыны Іваненка, фабрыка ўжо пашыла мільён масак, «але попыт настолькі высокі, што гэтая колькасць сышла незаўважанай».

Фота: Belsat.eu

Спадарыня Іваненка кажа, што на сённяшні дзень цяжка прагназаваць, што фабрыка будзе рабіць заўтра, бо «пакуль такі ажыятажны попыт, ніякіх планаў аб сканчэнні вытворчасці няма».

«На дадзены момант спыненыя абсалютна ўсе патокі па пашыву вопраткі, каб выпускаць маскі, таму што сітуацыя занадта напружаная, і гэта нашмат важней цяпер. Усё прадпрыемства займаецца маскамі. Швачак больш за 500 у нас, але мы ўсе дапамагаем, працуе ўся фабрыка, усе супрацоўнікі, а гэта – больш за тысячу чалавек», – кажа начальніца вытворчага аддзелу.

Замаўляюць маскі ў «Славянкі» дзяржаўныя фармацэўтычныя фірмы «Фармацыя» і «Медтэхніка», а таксама прыватныя сеткі. Набыць вырабы можна таксама і ў фірмовай краме «Славянкі» у Бабруйску. Кошт адной маскі ў аптэках Бабруйску – Br 1,26, у фірмовай краме фабрыкі – Br 1,07. Правізары і прадаўцы ў адзін голас кажуць, што сёння маскі – адзін з асноўных тавараў, пра які пытаюцца і набываюць.

Фота: Belsat.eu

Пра беларускія павязкі «Беллёгпрам» кажа на сваім сайце, што яны – вельмі экалагічныя, бо «вырабляюцца з бавоўны, чатырохслоўныя, шматразовыя, іх можна стэрылізаваць. Такі матэрыял лёгка ўтылізаваць без шкоды прыродзе».

НА Belsat.eu

Стужка навінаў