МУС: «Севярынец цёрся рукой аб краты»


Міністэрства ўнутраных спраў у сваім тэлеграм-канале пракаментавала інфармацыю пра тое, што Севярынец парэзаў сабе руку на знак пратэсту супраць катаванняў у ізалятары.

Паводле міліцыі, канваір нібыта яшчэ тыдзень таму на маніторы відэаназірання «заўважыў, як Севярынец цёрся рукой аб краты ў камеры».

«Дзеянні былі спыненыя міліцыянтам і выкліканы медпрацаўнік, толькі дапамога не спатрэбілася. Дадаткова паведаміць няма чаго. Любую іншую інфармацыю належыць расцэньваць як несапраўдную», – гаворыцца ў заяве МУС.

Кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкаму прыняла рашэнне аб правядзенні праверкі «па факце распаўсюду заведама несапраўднай інфармацыі».

Нагадаем, сёння Павел Севярынец падчас чарговага суду над сабой заявіў, што парэзаў руку на знак пратэсту супраць катаванняў у менскім ЦІП. У выніку ён атрымаў яшчэ 15 содняў арышту.

Абноўлена
Севярынец парэзаў руку на знак пратэсту супраць катаванняў. Яму далі яшчэ 15 содняў
2020.06.18 11:40

На гэтым тыдні пакараныя адміністратыўным арыштам актывісты заяўлялі пра катаванні ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Максім Урбановіч распавёў журналістам, што ў зняволеных адбіраюць матрацы, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры штодня выліваюць вядро з хлоркай, якую льюць і на асабістыя рэчы. Таксама там вельмі кепскае харчаванне, хворых арыштаваных трымаюць разам са здаровымі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў