«Мухі асобна», досвед СССР і 90-ая губернія. Топ-6 пытанняў і адказаў пра Саюзную дзяржаву

8 снежня споўніцца 20 гадоў са дня падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. У гэты дзень сёлета ў Маскве адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе мусяць быць падпісаныя «дарожныя мапы» з мэтай паглыблення інтэграцыі дзвюх краінаў. Напярэдадні важных перамоваў belsat.eu распавядае, з чаго пачыналася Саюзная дзяржава і чаму Масква і Менск разышліся ў поглядах на інтэграцыю.

Што за дакумент падпісаў Лукашэнка 20 гадоў таму?

Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы была падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам і Барысам Ельцыным у Маскве 8 снежня 1999 года. Як адзначаецца ў арт. 1 гэтай дамовы, стварэнне Саюзнай дзяржавы «азначае новы этап у працэсе яднання народаў дзвюх краінаў у дэмакратычную прававую дзяржаву». Дзеля гэтага «яднання» мусіць быць створаны Найвышэйшы Дзяржаўны Савет, агульныя парламент, савет міністраў, суд і падліковая палата (арт. 4). Таксама дакументам прадугледжана стварэнне адзінай валюты з адзіным эмісійным цэнтрам і адзінай Канстытуцыяй.

Лукашэнка і Ельцын. Фота: president.gov.by

Сярод мэтаў Саюзнай дзяржавы – правядзенне ўзгодненай вонкавай палітыкі і палітыкі ў сферы абароны, а таксама стварэнне адзінай прававой сістэмы і адзінай эканамічнай прасторы.

Дамова ад 8 снежня 1999 года была працягам інтэграцыйных працэсаў, што пачаліся пасля прыхода Лукашэнкі да ўлады. У 1995 годзе была падпісаная Дамова аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацы, у 1996 годзе – Дамова аб супольнасці РФ і Беларусі, у 1997 годзе – Дамова аб Саюзе, у 1998 годзе – Дэкларацыя аб далейшым яднанні.

Канкрэтныя тэрміны пабудавання Саюзнай дзяржавы ў дакуменце не прапісаныя. Там адзначаецца, што мэты СД «дасягаюцца паэтапна з улікам прыярытэту вырашэння эканамічных і сацыяльных задачаў». Канкрэтныя тэрміны вызначаюць кіраўнікі Беларусі і Расеі. Паколькі сама Дамова з’яўляецца бестэрміновай, то атрымліваецца, што такі Саюз тэарэтычна можна будаваць бясконца.

Саюзная дзяржава сапраўды праз некаторы час пераўтварылася ў даўгабуд. Напачатку 2010-ых беларуска-расейскую інтэграцыю ў парадку дня змяніла еўразійская інтэграцыя ў межах ЕАЭС. Праект пабудовы Саюзнай дзяржавы быў фактычна замарожаны. Сітуацыя змянілася напрыканцы 2018 года пасля так званага ўльтыматуму Крамля. Тады прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў на паседжанні саюзнага савету міністраў заявіў, што Беларусь можа разлічваць на эканамічныя датацыі толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. Ад гэтай формулы Крэмль не адмовіўся дагэтуль.

Прэм’еры Беларусі і Расеі: Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў на перамовах у Маскве. Фота: Dmitry Astakhov / TASS / Forum

Выкананне Саюзнай дамовы прадугледжвае скасаванне нацыянальнай незалежнасці?

У тэксце Дамовы наўпрост пра гэта не гаворыцца. Больш за тое, у артыкулах 3 і 6 падкрэсліваецца, што Саюзная дзяржава базуецца на прынцыпах добраахвотнасці і суверэннай роўнасці дзяржаваў-удзельніц, а Беларусь і Расея пры гэтым захоўваюць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, дзяржаўны лад, Канстытуцыю, сцяг, герб і прадстаўніцтва ў ААН. Адначасова Саюзная дзяржава таксама мае свой герб, сцяг, гімн і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці (арт. 10).

Аднак дамова прадугледжвае правядзенне ўзгодненай вонкавай і абароннай палітыкі, стварэнне наднацыянальных органаў, адзінай эканамічнай прасторы, адзінай падатковай, цэнавай і грашова-крэдытнай палітыкі, аб’яднанне транспартнай і энергетычнай сістэм, адзінай гандлёвай і мытна-тарыфнай палітыкі, адзінага заканадаўства аб інвестыцыях, адзінай памежнай палітыкі, адзіных банкаў дадзеных і функцыянаванне рэгіянальнай групоўкі войскаў.

То бок па факце дамова прадугледжвае страту суверэнітэту ў ключавых пытаннях. А наяўнасць уласнай дзяржаўнай сімволікі, Канстытуцыі і прадстаўніцтва ў ААН яшчэ не гарантуе незалежнасць і суверэнітэт – усё гэта, напрыклад, было і ў БССР, але рэальную незалежнасць Беларусь атрымала толькі ў 1991 годзе.

Макей пра інтэграцыю з Расеяй: Я не бачу нейкіх небяспек для Беларусі

Ці былі за 20 гадоў моманты, калі б Беларусь і Расея былі бліжэй да рэалізацыі ключавых пунктаў Саюзнай дамовы?

Так. Цяпер беларускія ўлады ўсяляк падкрэсліваюць, што «дарожныя мапы», якія плануецца падпісаць 8 снежня ў Маскве, тычацца толькі эканамічных пытанняў і не закранаюць незалежнасць краіны. Аднак у першыя гады Саюзу ў парадку дня адкрыта стаялі пытанні агульнай Канстытуцыі і адзінай валюты.

Лукашэнка і Пуцін, 2003 год. Фота: president.gov.by

У 2005-2007 гадах на найвышэйшым узроўні разглядалася магчымасць прыняцця Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы, дзейнічала беларуска-расейская камісія па распрацоўцы гэтага дакументу. СМІ пісалі пра тое, што пасля ўхвалення акту Уладзімір Пуцін нібыта стане прэзідэнтам СД, а Лукашэнка ўзначаліць саюзны парламент. Аднак гэтага не адбылося, у поглядах на Канстытуцыйны акт Масква і Менск разышліся.

Лукашэнка вінаваціў ва ўсім Расею. «Кіраўніцтва Расеі кажа, што надта шмат паўнамоцтваў аддаем саюзным органам улады, якія будуць створаныя, маўляў, гэта спародзіць нейкія супярэчнасці. У выніку прапануецца прыняць на рэферэндуме Канстытуцыйны акт, які будзе слабейшым за Дамову», – распавядаў Лукашэнка журналістам у верасні 2006 года. Праўда, рэферэндумаў не адбылося, а пытанне Канстытуцыйнага акту праз некаторы час было знятае з парадку дня.

У той жа перыяд вельмі актыўна абмяркоўвалася пытанне ўвядзення адзінай валюты. Яшчэ ў лістападзе 2000 года Пуцін і Лукашэнка падпісалі дамову «Аб увядзенні адзінай грашовай адзінкі і фармаванні адзінага эмісійнага цэнтру Саюзнай дзяржавы». Планавалася, што з 1 студзеня 2005 года ў якасці адзінай валюты будзе выкарыстоўвацца расейскі рубель, а з 1 студзеня 2008 года будзе ўведзена асобная адзіная валюта Саюзнай дзяржавы.

Аднак бакі не дамовіліся наконт адзінага эмісійнага цэнтру (Масква не пагаджалася сфармаваць саюзны цэнтрабанк па прынцыпу 50 на 50), а Лукашэнка паставіў пытанне валюты ў залежнасць ад прыняцця Канстытуцыйнага акту.

Лукашэнка і Пуцін, студзень 2006 года. Фота: president.gov.by

У 2007 годзе ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Die Welt Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «адразу зразумелі, што страта нацыянальнай валюты – гэта страта незалежнасці».

«І тады мы сказалі: мы не супраць адзінай валюты, але давайце ў комплексе вырашым усе пытанні. Канстытуцыю прымем, і там, у Канстытуцыі, будзе прапісана, якая валюта і гэтак далей. Яна будзе прынятая на рэферэндуме, ужо ад гэтага нікуды не дзенешся. Нам сказалі: не, Канстытуцыя само сабой, мы не гатовыя да гэтага, а вось валюту – бярыце», – распавядаў ён.

У апошнія гады афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі і Расеі неаднойчы казалі пра адсутнасць неабходных умоваў для ўвядзення адзінай валюты. Пры тым, што ад самой ідэі Лукашэнка публічна не адмовіўся. Сёлета, падчас сустрэчы з журналістамі 1 сакавіка, Лукашэнка прыгадаў нядаўнюю размову з Пуціным, дзе ён пагадзіўся, каб адзіны эмісійны цэнтр знаходзіўся ў Пецярбургу.

«Гэта будзе не расейскі або беларускі рубель, гэта будзе наш агульны рубель, калі ён будзе», – тлумачыў ён.

«Гаворка пра паглынанне беларускай эканомікі». Вядомыя планы інтэграцыі з Расеяй

У чым погляды Масквы і Менску на Саюзную дзяржаву разышліся?

Масква заўсёды выступала за саюз, дзе Расея займае дамінуючыя пазіцыі – то бок фактычна за далучэнне Беларусі да Расеі. Пуцін тлумачыў гэта тым, што эканоміка Беларусі складае толькі 3 % ад расейскай, таму раўнапраўнае аб’яднанне будзе несправядлівым.

Летам 2002 года Пуцін прапанаваў Лукашэнку правесці агульны рэферэндум у траўні 2003 года, выбары ў агульны парламент – у снежні 2003 года і ў 2004 годзе – выбары кіраўніка Саюзнай дзяржавы. Гаворка ішла пра аб’яднанне на падставе Канстытуцыі РФ, дзе Беларусь проста стане адным з федэратыўных рэгіёнаў. З гэтай канцэпцыяй у Менску катэгарычна не пагадзіліся.

Лукашэнка і Пуцін, 2002 год. Фота: president.gov.by

«Нам прапануюць федэратыўны лад нашага саюзу, іншымі словамі, стаць новай, 90-й губерняй Расейскай Федэрацыі. На што мы выразна кажам: ніякім паўночна-заходнім ці паўночна-усходнім краем любой дзяржавы мы не будзем. Мы – суверэнная, незалежная дзяржава з усімі атрыбутамі гэтай дзяржавы. Мы гатовыя будаваць саюз, але толькі на раўнапраўнай аснове», – заявіў тады Лукашэнка.

Тады ж, летам 2002 года, Пуцін прапанаваў Лукашэнку альтэрнатыўны варыянт інтэграцыі – паводле мадэлі ЕЗ. Аднак і гэты варыянт кіраўніка Беларусі не задаволіў. Лукашэнка потым неаднойчы публічна казаў пра тое, што за ўзор саюзу ён бярэ прыклад СССР. Дамова аб стварэнні СССР ад 1922 года сапраўды фармальна прадугледжвала не далучэнне да РСФСР іншых савецкіх рэспублік, а іх аб’яднанне ў новую дзяржаву. Але па факце раўнапраўным саюз ніколі не быў: усе пытанні заўсёды вырашаліся ў Маскве.

«Аб досведзе Савецкага Саюза я сапраўды гаварыў. Таму што прэзідэнт Расеі прапанаваў пабудаваць саюз накшталт Еўразвязу. Гэта нешта накшталт саюзу вугалю і сталі 40-50-ых гадоў у Еўропе? Нам ён не патрэбны. У нас досвед цеснай супрацы ў рамках Савецкага Саюза. І гэты досведы трэба выкарыстаць… Я яшчэ раз падкрэсліваю – у нас ёсць свая гісторыя. У Расейскай імперыі, затым у Савецкім Саюзе мы жылі разам. Давайце спачатку будзем выкарыстоўваць свой досвед, са сваёй гісторыі», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка пра інтэграцыю з Расеяй: На халеру патрэбны каму такі саюз?

На гэтую супярэчлівасць падыходу Лукашэнкі (хоча як у СССР, але пры гэтым раўнапраўна) звярнуў увагу ў 2002 годзе Пуцін:

«Трэба, каб нашыя партнёры вызначыліся, чаго яны хочуць. Мы часта чуем, што хацелася б, дапусцім, нешта накшталт Савецкага Саюза. Але навошта тады ў праекце Канстытуцыйнага акту пісаць, што гэта будзе суверэнная дзяржава, тэрытарыяльная цэласнасць, права вета на ўсе рашэнні і гэтак далей?»

Сваю знакамітую заяву «мухі асобна, катлеты асобна» Пуцін у 2002 годзе сказаў менавіта ў кантэксце беларуска-расейскай інтэграцыі.

Як мусяць выглядаць органы ўлады ў Саюзнай дзяржаве?

Непасрэдна ў Дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы гаворыцца пра шэсць агульных органаў – Найвышэйшы Дзяржаўны Савет, савет міністраў, пастаянны камітэт СД, парламент, суд і падліковая палата. Першыя тры органа ўжо рэальна дзейнічаюць.

Мядзведзеў, Пуцін, Лукашэнка і Кабякоў (на той час прэм’ер-міністр Беларусі) падчас паседжання Найвышэйшага Дзяржсавету, 2018 год. Фота: president.gov.by

Галоўны орган Саюзнай дзяржавы – Найвышэйшы Дзяржаўны Савет, старшынём якога з’яўляецца адзін з прэзідэнтаў па прынцыпу ратацыі (калі Масква і Менск не дамовяцца пра іншае). На дадзены момант Дзяржсавет узначальвае Лукашэнка. Дзяржсавет прызначае кіраўніка саюзнага савету міністраў, якім можа быць прэм’ер Беларусі або РФ на аснове ратацыі.

Паўнавартасны саюзны парламент дагэтуль не створаны (працуе толькі беларуска-расейскі Парламенцкі сход). Паводле дамовы ад 8 снежня 1999 года парламент Саюзнай дзяржавы мусіць складацца з двух палатаў, якія працуюць па 4 гады: Палаты Саюзу і Палаты прадстаўнікоў. У Палаце Саюза Расея і Беларусь атрымліваюць роўную колькасць прадстаўнікоў – па 36 чалавек. У Палату Саюзу ўваходзяць ужо дзейныя дэпутаты парламентаў Беларусі і Расеі, працуюць на непастаяннай аснове і асобнага заробку за гэта не атрымліваюць. Саюзная Палата прадстаўнікоў складаецца з 75 дэпутатаў ад РФ і толькі 28 ад Беларусі (арт. 39), якія абіраюцца ўсеагульным галасаваннем. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць на прафесійнай аснове і не могуць мець іншае месца працы.

Уладзімір Сямашка: Лукашэнка і Пуцін дамовіліся стварыць адзіны парламент і ўрад. Гэта прапісана ў дамове

Няма таксама суду і падліковай палаты. Суд мусіць складаецца з 9 суддзяў, што зацвярджаюцца парламентам паводле прапановы Найвышэйшага дзяржсавету. У суду не павінна быць больш за 5 грамадзянаў адной з дзяржаваў-удзельніцаў Саюзу (рашэнне прымаецца не менш чым ⅔ галасоў). Падліковая палата складаецца з 11 чальцоў, якія таксама зацвярджаюцца парламентам. У палаце не павінна быць больш за 7 грамадзянаў адной дзяржавы.

Ці можна выйсці з Саюзнай дзяржавы?

Так. Артыкул 67 прадугледжвае магчымасць выхаду Беларусі або Расеі з Саюзнай дзяржавы. Для гэтага трэба правесці рэферэндум у адной з краінаў. Калі народ на рэферэндуме галасуе за скасаванне дамовы, то праз 1,5 гады дамова перастае дзейнічаць.

Незалежнасць Беларусі абароніць Устаноўчы сход? «Свежы вецер» прапанаваў план на 2020 год

Ігар Ільяш belsat.eu

Hавiны