Восем гадзінаў, 12 гуртоў. «Мова фэст» на «Белсаце». ВІДЭА


22 лютага наш тэлеканал зладзіў васьмігадзінны стрым з «Мова Фэсту» – першага такога свята ў Беларусі, прымеркаванага да Дня роднае мовы.

У суботу «Арт Сядзіба» запрасіла ў культурніцкі хаб «ОК16» у Менску на «Мова Фэст», каб адсвяткаваць Міжнародны дзень роднае мовы. З 13-й да 22-й на тэрыторыі гэтай пляцоўкі можна было даведацца, як вучаць, падтрымліваюць, папулярызуюць і развіваюць беларускую мову бізнесоўцы, грамадскія дзеячы, навукоўцы і проста актыўныя беларусы. Ад 14-й гадзіны нашая здымачная група на чале з Галінай Абакунчык распачала стрым са свята.

Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
Выступае Лявон Вольскі. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
Наведнікі фэсту. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Падчас свята можна было задаць любыя пытанні мовазнаўцу Вінцуку Вячорку і паўдзельнічаць у майстар-класе ад беларускамоўнага тайскага баксёра Віталя Гуркова.

На кірмашы можна было набыць рэчы ды мастацкія творы, якія ствараюцца па-беларуску або прысвечаныя беларускай мове.

Самай, бадай, галоўнай часткай імпрэзы сталі канцэрты беларускамоўных гуртоў. На дзвюх сцэнах у «ОК16» выступілі, між іншага, «Volski», «Akute», «Мутнаевока», Пётр Клюеў, «Gleboki Smak» ды Сяргей Доўгушаў з гуртом «Vuraj».

Гэдлайнер імпрэзы Лявон Вольскі. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
Гурт «Akute». Фота – Ірына Арахоўская/Белсат
«Gleboki Smak» на сцэне «Мова Фэсту». Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Упершыню ў гісторыі «Арт Сядзібы», якая рэгулярна ладзіць падобныя імпрэзы, фестываль ўдалося зарганізаваць без прыцягвання грамадскіх сродкаў праз краудфандынг, як гэта было, напрыклад, падчас апошніх дзвюх імпрэзаў з нагоды ўгодкаў БНР.

«Бесплатны ўваход стаў магчымы дзякуючы нашым бізнес-партнёрам, якія пагадзіліся падтрымаць нашае мерапрыемства не проста дзеяннем, а і грашыма», – кажа «Белсату» кіраўнік Symbal.by Павел Белавус.

Асноўнымі спонсарамі свята сталі шэсць кампаніяў, у тым ліку наш тэлеканал. Генеральны партнёр фестывалю – бровар «Аліварыя».

Частку грошай арганізатары прыцягнулі ад дробных гандляроў, рамеснікаў і гастранамічных пунктаў, якія працавалі на імпрэзе.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў