Мондыя атакуе Вісландыю. Ці польскі «антызапад» пагражае Беларусі?


Адразу пасля заканчэння вучэнняў «Захад» у Беларусі ў нашых заходніх суседзяў пачаліся вучэнні «Dragon-2017», якія адбываюцца раз на два гады.

Сярод 17 тыс. удзельнікаў большасць жаўнераў – гэта палякі, але прысутнічалі і некалькі сотняў вайскоўцаў з краінаў NATO, у першую чаргу з ЗША, ды нават ненатаўскія грузіны ды ўкраінцы.

Як выглядаў сцэнар, і якія войскі ўпершыню паўдзельнічалі ў манеўрах? Падрабязнасці ў сюжэце.

«Гняздо, гэта Драган. Выканаць навальніцу». Сігнал атрыманы і войска рушыла адбіваць варожы дэсант. Фіктыўная дзяржава Мондыя нападае на Вісландыю і займае частку яе тэрыторыі. Ёсць яшчэ трэці бок – Лімбія, але пра яе мала вядома. Вісландыя бароніцца разам з саюзнікамі, але галоўны цяжар на плячах яе ўласных жаўнераў. Вісландыя, краіна Віслы – гэта, вядома, Польшча.

 

Фота – @Wojska.Obrony.Terytorialnej

«Абарончыя вучэнні палягаюць на тым, каб праціўніка, які атакаваў Польшчу, адпаведна акружыць, нейтралізаваць і выгнаць яго з польскай тэрыторыі», – кажа міністр абароны Польшы Антоні Мацерэвіч.

Вучэнні «Dragon-2017» – гэта не адказ на «Захад». Аднак манеўры, вядома, звязаныя. Сам прэзідэнта Польшчы літаральна паказаў на ўсход.

«Па другі бок нашай усходняй мяжы, у Беларусі, адбыліся апошнім часам маштабныя вучэнні, праведзеныя Расейскай Федэрацыяй супольна з Беларуссю. Паўночнаатлантычны альянс таксама мусіць удасканальвацца. Тамтэйшыя манеўры мелі наступальны характар, на жаль, мне прыкра гэта казаць. Нашыя ж вучэнні маюць абарончы характар», – мяркуе польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

Палігон у Драўску-Паморскім быў не адзіным, дзе адбываліся манеўры. Мясцінаў было больш за дзесяць па паўночным захадзе, поўначы і паўночным усходзе Польшчы. Журналістам дазволілі зняць яшчэ два этапы на аэрадроме Ольштын-Мазуры і пераправы праз рэкі.

 

Фота – @Wojska.Obrony.Terytorialnej

Сутнасць вучнняў апісвае палкоўнік у адстаўцы Лявон Спаткай:

«Вучэнні такога маштабу павінны ахопліваць значную тэрыторыю. Таму, магчыма, выбралі такі сцэнар – высадка дэсанту на ўзбярэжжы Балтыйскага мора».

Падобна як у Беларусі, у Польшчы адпрацоўвалі дзеянні супраць няісных дзяржаваў, аднак у Польшчы гэта не выклікала такога ажыятажу, як Вейшнорыя ў нас.

«На нашым кантыненце выступаюць фіктыўныя краіны, такія як, між іншым, Вісландыя, Мондыя ці Лімбія, не звязаныя з рэальным светам», – патлумачыў палкоўнік Пётр Маліноўскі.

Гэтыя краіны ўжо былі бакамі ваенных гульняў у Польшчы ў мінулыя гады. Хто ж можа быць сапраўдным агрэсарам?

«Хто з мора можа высадзіцца на тэрыторыю Польшчы, улічваючы яе суседзяў? Толькі флот Расеі. Марская пяхота, хто дэсантным шляхам, што парашутнай авіяцыяй», – адзначае палкоўнік у адстаўцы Лявон Спаткай.

Другім важным эпізодам быў дэсант на аэрадром Ольштын-Мазуры. Гэты аэрапорт, паводле сцэнару, заняў праціўнік.

«У гэты момант жаўнеры Войскаў тэрытарыяльнай абароны, дзеля таго каб адцягнуць увагу ад прызямлення галоўных сілаў 6-й паветрана-дэсантнай брыгады, звязалі боем праціўніка, які захапіў аэрадром у ШымАнах», – заўважае падпалкоўнік Марэк Петшак.

 

Фота – @Wojska.Obrony.Terytorialnej

Узвод нядаўна створаных тэрытарыяльных войскаў упершыню трэніраваўся з прафесійным войскам. Мэта – адпрацаваць працэдуры, якія потым стануць часткай падручнікаў тэрытарыяльнай абароны».

«Яны існуюць і ў нас, але ў іншым фармаце. Фактычна, палякі нічога новага не вынайшлі. Калі паглядзець у гісторыю, то гэта тое ж паспалітае рушанне, якое існавала ў часы Рэчы Паспалітай, калі кожны мужчына павінен быў умець зброю насіць і яе выкарыстоўваць», – кажа Лявон Спаткай.

Паводле канцэпцыі польскай тэрытарыяльнай абароны, брыгада павінна быць у кожным ваяводстве, а роты – у кожнай гміне. Жаўнеры ўсе мясцовыя, якія ведаюць сваю ваколіцу. На вучэннях, аднак, сабраліся тэрытарыяльныя з розных частак краіны.

Жаўнер Войскаў тэрытарыяльнай абароны Польшчы з Любліна Анна Маеўска заўважае:

«Нашая задача – у першую чаргу здабываць досвед, супрацоўнічаць з мясцовым насельніцтвам, і, вядома, мы шмат чаму вучымся ў дэсантнікаў».

Дэсантнікі за дзень да аперацыі скінулі авангард на парашутах – разведку. На наступны дзень арганізатары адмовіліся ад масавага паветранага дэсанту з увагі на моцны вецер. Галоўныя сілы прызямліліся на аэрадроме, дзе іх сустракалі тэрытарыяльныя.

«Для нас гэта дадатковая сіла, якая вельмі важная ў момант, калі мы прызямляемся на чужой тэрыторыі. А трэба памятаць, што брыгада заўсёды будзе выконваць заданні ў групоўцы праціўніка», – кажа генерал, камандзір 6-й паветрана-дэсантнай брыгады Польшчы Гжэгаж Халупка.

А таму варта мець на зямлі сваіх. Адначасова з аперацыяй на поўначы Польшчы, на ўсход і поўдзень ад Варшавы войскі пераправілася праз рэкі ў кірунку Беларусі. За гэтым сачылі шматлікія замежныя назіральнікі, у тым ліку намеснік аташэ амбасады Беларусі ў Польшчы.

Лявон Спаткай дзеліцца сваім меркаваннем:

«Я не думаю, што гэты кірунак выбралі свядома, маўляў, пагроза Беларусі. У нас з Польшчай заключаныя дамовы. Мы ў свой час адмовіліся ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Хаця і Беласточчына – гэта спрадвечная этнічна беларуская зямля. Але дамовы заключылі. У 1947 г. мяжу канчаткова вызначылі. Урад незалежнай Рэспублікі Беларусь пацвердзіў усе гэтыя дамоўленасці, адмовіўшыся ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў».

Сама Беларусь, вядома, не стварае пагрозы Польшчы, але Варшаву турбуе, што нашу тэрыторыю могуць выкарыстаць расейцы ў сваіх агрэсіўных дзеяннях. Апошнія расейскія войскі павінны былі пакінуць нашую тэрыторыю да 30 верасня, а вучэнні «Dragon-2017» ужо скончыліся.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет»

Тэмы «ПраСвету»:

  • Як праходзіў польскі «Антызапад» і як палякі ўзмацняюць сваю абарону?
  • Чаму беларуска-украінскія стасункі не палепшацца?
  • Чаму расейцы хаваюць свае страты ў Сірыі ды за што яны там змагаюцца?
  • Як можа выглядаць вайна ЗША супраць КНДР?

Стужка навінаў