«Мне не даюць спяваць у сваёй краіне». Бакей адмяніў тур па Беларусі


5 красавіка рэп-музыка Улад Бяльмач, вядомы пад творчым псеўданімам Бакей, аб’явіў, што атрымаў адмову ў гастрольных пасведчаннях на выступы, запланаваныя на гэты месяц.

Каманда Бакея дамовілася на канкрэтныя даты з пляцоўкамі ў Берасці, Віцебску, Горадні і Магілёве, але не атрымала гастрольныя пасведчанні на выступы.

«У Віцебску нам адмовілі ў гастрольным пасведчанні са спасылкай на «нізкі мастацкі ўзровень», у Берасці апроч гэтага яны прыгадалі, што два з паловай гады таму ў адным з інтэрв«ю я сказаў, што пазыцыяную свой стыль як «наркасуіцыдальны дэнсавы мікс». Складана было з атрыманнем гастролек у Горадні і Магілёве, але гэта было звязана з прафесійнымі якасцямі арганізатараў», – распавёў Бакей у відэазвароце.

Каманда Бакея вырашыла адмяніць тур і паспрабаваць атрымаць новыя пасведчанні праз некалькі месяцаў.

Канцэртны мэнэджар Бакея Ягор Хвайніцкі распавёў «Белсату», што яны ўпершыню сустракаюцца з такой рэакцыяй уладаў. У панядзелак Бакей збіраецца падаць заяву на атрыманне гастрольнага пасведчання ў Менску – і спадзяецца, што атрымае яго. Жыхароў абласных гарадоў, якія прыедуць на менскі канцэрт, чакаюць прыемныя бонусы, абяцае музыка.

«Калі ў Менску канцэрт дазволяць, мы зробім яго такім чынам, каб ён скончыўся такім чынам, каб людзі з абласных гарадоў змаглі вярнуцца дамоў. Таксама мы зробім для іх зніжаны кошт на ўваходны білет», – распавёў Ягор Хвайніцкі.

«Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі, што я хацеў пракаціцца па Беларусі, хацеў паказаць новую музыку ў гэтых гарадах, сустрэцца з фанатамі, але мне не даюць спяваць уласную музыку ў сваёй краіне», – дадаў Бакей.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў