Мітрапаліт Кандрусевіч: Выбары, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі


1–2 ліпеня ў Будславе адбываюцца штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці, якія ў год святога Яна Паўла ІІ праходзяць пад дэвізам яго біскупскага і папскага служэння: «Марыя, я ўвесь Твой». Падчас святой імшы мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сёння адзначыў, што будучыя прэзідэнцкія выбары павінныя быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі.

Падчас звароту да вернікаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч закрануў выбарчую кампанію і выбары ў Беларусі.

«З Евангелля мы ведаем, што Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насцеж адчыніць дзверы нашых сэрцаў Езусу, каб Ён быў у нас і ў нашым народзе, які выбірае сваю будучыню. Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары, якія перад намі, павінныя быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі грамадскімі і палітычнымі сіламі.

Закладзены Творцам у чалавечай прыродзе прынцып свабоднай волі прадугледжвае магчымасць свабоднага выбару, што будзе спрыяць так патрэбнай у наш час кансалідацыі нашага грамадства. Паводле вучэння святога Яна Паўла ІІ, у разнароднасці павінна праяўляцца адзінства ў імя дасягнення супольнага дабра для адзінай нашай Бацькаўшчыны, імя якой – Беларусь.

Таму не боймася цяжкасцяў, бо Езус з намі. Калі даверымся Яму, а розныя грамадскія і палітычныя сілы будуць дзейнічаць з духам Евангелля і клапаціцца пра супольнае дабро нашай краіны, то Езус дапаможа нам розным (розным – гэта натуральна) быць адным народам, узаемна любячымі і паважаючымі братамі і сёстрамі, а буру – заменіць у штыль», – сказаў падчас святой імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

СК belsat.eu

Стужка навінаў