У Беларусі колькасць інфікаваных каронавірусам перавысіла тысячу чалавек


Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на 8 красавіка ў Беларусі быў інфікаваны каронавірусам 1066 чалавек: 976 праходзяць лячэнне ў шпіталях, 77 выздаравелі, 13 памерлі.

Новыя дадзеныя па сітуацыі з каронавірусам у Беларусі Міністэрства аховы здароўя апублікавала ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале.

«На стацыянарным лячэнні знаходзяцца 976 чалавек. У большай часткі пацыентаў захворванне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. 33 пацыента маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, ім праведзены медычныя кансіліумы з удзелам лепшых інфекцыяністаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Пасля праходжання лячэння выздаравелі 77 чалавек. Новых выпадкаў смерці ад каронавіруснай інфекцыі за мінулыя содні не зарэгістравана», – адзначаюць у Мінздароўя.

Тэмпы росту колькасці інфікаваных COVID-19 павялічваюцца штодня. У пятніцу, 3 красавіка, быў пацверджаны 351 выпадак заражэння, 4 красавіка – 440 (+89), 5 красавіка – 562 (+122), 6 красавіка – 700 (+138), 7 красавіка – 861 (+161), 8 красавіка – 1066 (+205). Такім чынам, толькі за чатыры апошніх дні ў Беларусі было зарэгістравана 626 новых выпадкаў інфікавання каронавірусам – больш чым за ўвесь папярэдні месяц.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, новых выпадкаў смерці пацыентаў з COVID-19 няма ўжо другі дзень запар. Усяго ад каронавіруса памерлі 13 чалавек.

Найбольш пацярпелі ад каронавіруса жыхары Менску, Віцебску і Менскай вобласці. У Менску шпіталізаваныя 601 пацыентаў з каронавірусам, 45 выздаравелі, 5 памерлі. У Віцебску 200 шпіталізаваныя, 30 выпісаны, 5 памерлі. У Менскай вобласці 104 чалавек праходзіць лячэнне, 1 выздаравеў, 3 памерлі.

Афіцыйная статыстыка дае супярэчлівыя дадзеныя па Берасцейскай вобласці. Учора Міністэрства аховы здароўя апублікавала ў сваім тэлеграм-канале спасылку на старонку сайту агенцтва БелТА, дзе будзе аператыўна размяшчацца афіцыйная статыстыка па сітуацыі з каронавіруснай інфекцыяй. Цяпер там пазначана, што на Берасцейшчыне 3 інфікаваных. Аднак Берасцейскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя апублікаваў інфармацыю, што па стане на раніцу 8 красавіка ў рэгіёне выяўлена 28 пацыентаў з COVID-19.

Агулам статыстыка па рэгіёнаў, што публікуецца на сайце БелТА, адпавядае афіцыйнай лічбе – 1066 інфікаваных па краіне. Аднак калі дадзеныя берасцейскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі больш дакладныя, то сумарная лічба інфікаваных па Беларусі мусіць быць вышэй і дасягаць 1091 чалавека.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, цяпер у краіне ў барацьбе з каронавірусам задзейнічаныя 25 тысячаў медыкаў. Для пацыентаў з COVID-19 прадугледжана 7 тысячаў месцаў у шпіталях. Па стане на 8 красавіка праведзена каля 46 тысячаў тэстаў на каронавірусную інфекцыю.

Hавiны
«Катастрофы няма». Лукашэнка назваў новы лік хворых на COVID-19 і прыгразіў звольніць урад
2020.04.07 14:18

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў