Мінсельгасхарч арыентуецца на дыверсіфікацыю экспарту харчавання


Мінсельгасхарч Беларусі лічыць, што Расея надалей працягне палітыку абмежаванняў у дачыненні да беларускай малочнай прадукцыі, а таму арыентуюць вытворцаў на дыверсіфікацыю экспарту. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення вонкаваэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарчу Аляксей Багданаў.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расея ў межах Саюзнай дзяржавы штогод фармуюць прагнозныя балансы ўзаемных паставак харчавання, у тым ліку малочнай прадукцыі, якія «закліканы забяспечыць эфектыўнае выкарыстанне магутнасцяў дзвюх краін і пашырэнне ўзаемнага гандлю», паведамляе Белапан.

«На жаль, даводзіцца канстатаваць, што ў выніку абмежаванняў па выніках працы за 2018 год невыкананне аб’ёмаў паставак малака і малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею склала 617 тысяч тон у пераліку на малако. Пачатак 2019 года таксама мае адмоўную дынаміку», – паведаміў Багданаў.

Паводле яго словаў, Расея «не забяспечвае сябе асноўнымі прадуктамі харчавання, у тым ліку і малочнымі».

«Будзем шчырымі, паважаныя калегі: увядзенне абмежаванняў, на нашу думку, носіць рэгулятарны характар ​​з мэтай забеспячэння канкурэнтаздольнасці і высокай прыбытковасці, у першую чаргу, нацыянальных вытворцаў. Ілюзіяў будаваць не будзем – гэты працэс будзе працягвацца. Бягучыя тэндэнцыі паказваюць на неабходнасць сурʼёзнага падыходу да дыверсіфікацыі экспарту», – падкрэсліў прадстаўнік Мінсельгасхарчу.

Экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў мінулым годзе склаў 2 мільярды долараў, што на 6 % меней, чым годам раней.

«Прычынамі падзення зʼяўляюцца не толькі палітыка абмежаванняў з боку Рассельгаснагляду на пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею, але і зніжэнне экспартных коштаў на прадукцыю», – сказаў Аляксей Багданаў.

Аб’ектыў
Расея правярае беларускую «малочку» на беларускасць
2019.04.16 22:27

СК belsat.eu

Стужка навінаў