Міністр працы: Беларускі бізнес не звальняў масава працаўнікоў

Беларускія наймальнікі, буйны і сярэдні бізнес, абышоўся без масавых звальненняў падчас выкліканага эпідэміяй каронавіруса крызісам. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Кіраўніца Мінпрацы адзначыла, што бізнес амаль не звальняў людзей паводле неабгрунтаваных прычынаў.

Паводле яе, сярод 288 арганізацыяў сярэдняга і буйнога бізнесу паводле пагаднення бакоў пазбавіліся працы 70 % ад звольненых.

«Ёсць парушэнні, але гэта не масавыя парушэнні, гэта адзінкавыя выпадкі парушэння нормаў Працоўнага кодэксу, невыканання з боку наймальніка», – адзначыла Ірына Касцевіч.

Яна адзначыла, што агулам за студзень–травень 2020 года колькасць занятых у Беларусі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году знізілася толькі на 0,2 %.

Незалежныя прафзвязы патрабуюць аднавіць настаўніцу, звольненую за верш пра Колю Лукашэнка

Пры гэтым «павялічыўся маштаб прастояў, скарочанага рэжыму працы».

«Па травень вымушаная няпоўная занятасць павялічылася ў 4 разы. Гэта вялікі рост, але самае галоўнае для чалавека, што ён захаваў за сабой працоўнае месца. Самае галоўнае для наймальніка – ён захаваў свой калектыў», – сказала міністр.

Касцевіч таксама распавяла, што больш за 300 арганізацыяў атрымалі дазвол на адкрыццё рахунку ў банку для таго, каб туды паступалі бязвыплатныя субсідыі з боку дзяржавы для працоўных калектываў, якія пацярпелі ў крызіс. 112 арганізацыяў ужо падалі заявы, і першая тысяча чалавек атрымала гэтую субсідыю, падкрэсліла міністр.

Лукашэнка: «На прыватных прадпрыемствах звальняюць тых, хто не падпісаліся за альтэрнатыўных кандыдатаў»

На нарадзе 10 чэрвеня па актуальных грамадска-палітычных пытаннях кіраўнік краіны даручыў праверыць, чаму прыватныя кампаніі звальнялі людзей у апошнія месяцы.

«У апошні час, упэўнены і вам так жа, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей наконт хады так званай гэтай выбарчай кампаніі. Што мяне асабліва абурае – у Менску, іншых гарадах (гэта ўласціва да гарадоў) прыватныя кампаніі звальняюць людзей… Мала таго, звальняюць людзей – тых, хто не аддаў подпіс за так званых альтэрнатыўных кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава не распісаўся – сыходзь», – адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны падкрэсліў, што калі кампаніі хочуць спакойна працаваць у Беларусі, то яны мусяць аднавіць звольненых людзей і выплаціць тым грошы.

Ярмошына: У ЦВК ніхто не скардзіўся на пагрозы звольніць за адмову падпісацца за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў

У Цэнтральную выбарчую камісію не паступала скаргаў на пагрозы звальненнем тым, хто адмаўляецца пакінуць подпіс за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Пра гэта паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

МГ belsat.eu

Hавiны