Міністр Карпенка пра IT-ўніверсітэт: Мы не можам пераўтвараць вышэйшую адукацыю ў сярэднюю

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў інтэрв’ю выданню «Наша Ніва» крытычна выказаўся наконт канцэпцыі IT-універсітэту, якую прасоўваюць айцішнікі.

«Я не айцішнік сам, не ведаю, што здарылася і што яны мелі на ўвазе. Я калі прыйшоў на сустрэчу ў БДУІР, думаў, што студэнты зараз пачнуць дзяўбсці мяне за ІТ-адукацыю, а першае што сказалі: «Вы хочаце, каб нашыя здольнасці патрэбны былі толькі для ІТ-кампаній?» «Што гэта значыць?» – кажу. «Тэсціроўшчыка і кодара можна падрыхтаваць на ўзроўні сярэдняй адукацыі, а мы хочам вышэйшую. Канечне, некаторым хацелася б мець рабочы планктон, які заграбалі бы ІТ-кампаніі, але мы хочам быць больш высокага ўзроўню». Словам, я лічу, што нельга губляць акадэмічнасць падрыхтоўкі, гэтак жа выказаліся некаторыя рэктары. Мы не можам пераўтвараць вышэйшую адукацыю ў сярэднюю», – заявіў Карпенка.

Журналіст «Нашай Нівы» запытаў міністра, ці значыць гэта, што ён будзе займацца сабатажам ідэі ІТ-універсітэта?

«Не, сабатажам займацца мы не будзем. Але сёння, каб стварыць такую ВНУ, не патрэбна нават рашэнне кіраўніка дзяржавы. Мы прапаноўвалі рэарганізаваць факультэт прыкладной матэматыкі БДУ ў ІТ-інстытут, загадам міністра можна было даць туды эксперыментальныя планы і праграмы, і мы б не парушылі тут Кодэкс аб адукацыі. Былі яшчэ варыянты, але яны абралі стварэнне ІТ-універсітэта з нуля ў самім Парку высокіх тэхналогіяў. Тады ім трэба адкрыць спецыяльнасці, прайсці акрэдытацыі, і мы гатовыя ў гэтым дапамагаць! Сёлета, дарэчы, мы выправілі такую сітуацыю: аказваецца, у нас дагэтуль інфарматыка не была прадметам для вывучэння на паглыбленым узроўні!» – заявіў Карпенка.

Лукашэнка спрабуе злучыць IT з саўком

  • Пра праект стварэння IT-універсітэту стала вядома пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 14 кастрычніка. Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын тады патлумачыў, што неабходнасць стварэння «хайтэк-універсітэту» абумоўлена неабходнасцю арганізацыі падрыхтоўкі кадраў новай фармацыі. Плануецца, што заснавальнікамі IT-універсітэту стануць Парк высокіх тэхналогіяў, БДУ, БДУІР і асобныя кампаніі – рэзідэнты ПВТ. ВНУ мае пачаць набор студэнтаў ужо ў наступным годзе. Плануецца што налета набор складзе 180 абітурыентаў.
  • IT-бізнесовец Віктар Пракапеня казаў, што кожны беларус за кошт сродкаў Парку высокіх тэхналогіяў на 5 гадоў зможа атрымаць безадсоткавы рублёвы крэдыт на навучанне для працы ў эканоміцы ведаў. Сума дамовы папярэдне – да BR 6000. Адтэрмінаванне плацяжу на 2 гады, затым крэдыт гасіцца роўнымі далямі цягам наступных 3 гадоў.

Эканаміст Сяргей Чалы: «ІТ-універсітэт Лукашэнкі насамрэч будзе ІТ-вучылішчам»

ІІ belsat.eu

Hавiны