Міністр аховы здароўя абяцае адкрыта расследаваць справу аб заражэнні ВІЧ дзяўчынкі з Пінску


У справе заражэння дзіцяці ВІЧ у Пінску цяпер вядзецца сур’ёзны разбор абставінаў, заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, піша БелТА.

Раней Следчы камітэт па Берасцейшчыне распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэксу («Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медычным працаўніком») у справе заражэння 11-месячнай дзяўчынкі з Пінску вірусам імунадэфіцыту чалавека. Міраслава Дыдышка заразілася ВІЧ падчас знаходжання ў шпіталі. Да расследавання гэтай справы далучылася і камісія Міністэрства аховы здароўя.

«Калі будуць атрыманы першыя вынікі, мы пра гэта інфармуем. Я абяцаў максімальнае прынцыповае, адкрытае расследаванне, і яно будзе праведзена», – сказаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Ён дадаў, што ўсе дзеці, якія ў той момант знаходзіліся ў медычнай установе, правераныя на ВІЧ-інфекцыю.

«Больш ні ў каго дыягназ не пацвердзіўся. Гэта радуе», – адзначыў міністр.

Міраслава Дыдышка нарадзілася ў лютым 2019 года. Пасля таго, як яна патрапіла ў шпіталь, у яе выявілі ВІЧ. Прэ гэтым усе ў яе сям’і здаровыя. Маці дзяўчынкі 35-гадовая Святлана Дыдышка звярнулася ў Пінскі Следчы камітэт, які завёў крымінальную справу.

Раней блогер Сяргей Пятрухін са спасылкай на свае крыніцы казаў, што гэта трэці выпадак заражэння дзяцей ВІЧ у Пінску.

ВІДЭА
Следчыя высвятляюць, як 11-месячная дзяўчынка з Пінску заразілася ВІЧ. Усе ў сямʼі здаровыя
2020.02.15 14:33

СК belsat.eu

Стужка навінаў