У інтэрв’ю «Беларусь 1» міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка паведаміў, што план працы школаў застанецца нязменным.
Ігар Карпенка заявіў, што навучальны год у школах завершыцца 30 траўня, як і планавалася, а тэрміны уступнай кампаніі могуць быць перанесеныя.
«Мы хочам, каб у аўдыторыях было крыху менш людзей, чымся раней. Узмоцнім санітарную апрацоўку гэтых памяшканняў. Цяпер запускаем электронную рэгістрацыю, гэта спросціць сітуацыю, не трэба будзе некалькі разоў хадзіць падчас запісу на цэнтралізаванае тэставанне», – сказаў міністр адукацыі.
Таксама Ігар Карпенка паведаміў, што форма выпускных экзаменаў і ЦТ не памяняецца. Ці будзе новы фармат выпускных вечароў, стане зразумела да канца траўня.
Паводле кіраўніка Мінадукацыі, да канца года ў Беларусі будзе створаная адзіная платформа для школьнікаў, якая дазволіць дыстанцыйна «азнаёміцца» з дадатковымі матэрыяламі і напрацоўкамі настаўнікаў.
25 красавіка беларускія настаўнікі папрасілі Міністэрства адукацыі перагледзець «неканструктыўны падыход» да атэстацыі па выніках чацвёртай чвэрці тых вучняў, якія ва ўмовах пандэміі навучаюцца дыстанцыйна пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогіяў. Міністэрства апублікавала адказ у Telegram’е.
ЮВ belsat.eu