Міністр адукацыі Літвы пра адмоўную ацэнку ЕГУ: «Шукаем рашэнне, рыхтуецца план»

Як у ЕГУ адрэагавалі на негатыўную ацэнку дзейнасці

У Літве рыхтуюць план выратавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

4 студзеня ў Сейме Літвы адбылася нефармальная сустрэча палітыкаў, прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і замежных справаў для абмеркавання сітуацыі, якая склалася ў ЕГУ.

«Мы абмяркоўваем, як забяспечыць рашэнне праблемаў, якія акцэнтаваліся ў высновах экспертаў», – заявіла пасля сустрэчы журналістам міністр адукацыі і навукі Літвы Юргіта Пятраускенэ.

Паводле яе, эксперты, якія правялі вонкавую ацэнку ЕГУ, паказалі слабыя месцы гэтай вышэйшай школы, у якой пераважна навучаюцца беларусы.

«Мы шукаем рашэнне, рыхтуецца план», – адзначыла міністр.

У адказ на пытанне пра будучыню універсітэту, Пятраускенэ сказала, што гэта пытанне не яе кампетэнцыі.

Дырэктар Цэнтру па ацэнцы якасці навучання Нора Скабурскенэ адзначыла, што ўніверсітэту, які перасяліўся з Менску ў Вільню, ужо не ў першы раз атрымлівае негатыўныя ацэнкі, патрэбныя радыкальныя перамены.

Паводле яе, да 11 студзеня ЕГУ можа падаць апеляцыю Міністэрству адукацыі і навукі з нагоды ацэнкі экспертаў. Згодна з літоўскім Законам аб навучанні і навуцы, калі вышэйшая школа двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці. З іншага боку Нора Скабурскенэ прызнала выключны статус ЕГУ:

«Гэта не акадэмічны, гэта палітычны праект, таму ўрад павінен вырашыць, як юрыдычна і якасна абгрунтаваць, бо эксперты ясна паказалі на якасныя недахопы ў іх дзейнасці, якія відавочна паўтараюцца з моманту заснавання (у Літве – заўв.) універсітэту, і з гэтым нічога не робяць. Я думаю, што павінныя быць прынятыя радыкальныя рашэнні».

ЕГУ, у сваю чаргу, паведаміў, што не згодны з негатыўнымі вынікамі ацэнкі універсітэту. Паводле кіраўніцтва навучальнай установы, рэформы, рэалізаваныя ў 2015-2017 гадах, аказалі істотны ўплыў на стратэгічнае развіццё кіравання, навукова-адукацыйнай дзейнасці ўніверсітэту, што прызналі ўніверсітэцкія донары на канферэнцыі, што адбылася ў лістападзе мінулага года.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Delfi

Тэгі: ЕГУ

Hавiны