Міністэрства аховы здароўя: выздаравелі 32 з 94 пацыентаў, інфікаваных каронавірусам

Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на раніцу 27 сакавіка ў Беларусі былі інфікаваныя на каронавірус 94 чалавекі: 32 чалавекі ўжо выздаравелі, яшчэ 62 працягваюць лячэнне.

Пра гэта паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

«У нас 32 чалавекі, якія, як мы лічым, выздаравелі. Частка з іх выпісана, частка праходзіць канчатковыя тэсты. Пад назіраннем у медычных установах знаходзяцца 62 чалавекі. Пацыентаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх на дадзены момант няма. У пацыенткі, якая была пад інтэнсіўным назіраннем, адзначаецца станоўчая дынаміка. У цэлым сітуацыя спакойная і кантралюемая па ўсёй тэрыторыі Беларусі», – заявіла на брыфінгу намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Такім чынам, агулам за ўвесь час у Беларусі былі інфікаваныя на каронавірус 94 чалавекі.

Намесніца міністра, Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Наталля Жукава адзначыла, што на дадзены момант у Беларусі захворванне ўтрымліваецца на «спарадычным узроўні», таму што ў некаторых рэгіёнах заражэнне адзінкавае. «Як будзе развівацца сітуацыя далей – залежыць ад усіх нас», – дадала яна.

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Падчас брыфінгу журналісты таксама запыталіся наконт сітуацыі з жыхаркай Жыткавічаў, у якой раней дыягнаставалі каронавірус. Жукава пацвердзіла, што такі папярэдні дыягназ сапраўды быў спачатку пастаўлены. Але паколькі дыягностыка каронавірусу дастаткова складаная (яна патрабуе досведу і адукацыі), то былі праведзеныя дадатковыя даследаванні. Канчатковы вынік – адмоўны.

«Каб не сумнявацца, былі ўзятыя тры віды даследавання і ўсе тры былі правераны. Больш за тое, канчатковымі даследаваннямі займаліся ўсе спецыялісты, якія займаліся гэтым і на першым узроўні, і на другім. Калі ўсе пераканаліся, то быў пастаўлены канчатковы адмоўны дыягназ. Мы лічым, што ў дадзеным выпадку гіпердыягностыка апраўдана», – распавяла галоўны дзяржаўны санітарны лекар Наталля Жукава.

Фота: Vladimir Gerdo / TASS / Forum

Жукава адзначыла, што медыкі разлічваюць на свядомасць беларускіх грамадзянаў у плане выканання прафілактычных мераў (у тым ліку ў наконт 14-дзённай самаізаляцыі для тых, хто вярнуўся ў краіну з-за мяжы).

«Нейкіх мераў адміністратыўнага ўздзеяння або прыцягнення сілавых структураў для таго, каб прымусіць усіх нас выконваць правіла, пакуль не разглядаецца. Выключэнне – тыя асобы, якія прыбылі з небяспечных краінаў па каронавірусу. Тут сапраўды мы працуем ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных справаў і мы кантралюем пытанні самаізаляцыі гэтых грамадзянаў», – адзначыла яна.

  • Паводле звестак Універсітэту Джона Гопкінса (JHU) па стане на 27 сакавіка ў свеце захварэлі каронавіруснай інфекцыяй 542 788 чалавек. Лідарам паводле заражэнняў сталі ЗША: 85 996 асобаў. Сярод краінаў суседзяў Беларусі, паводле хворых на COVID-19, лідарам зʼяўляецца Польшча, там захварэлі 1 244 асобы, 16 чалавек памерлі, 7 паправіліся. У Расеі 1 036 выпадкаў COVID-19, 3 чалавекі памерлі. У Літве 345 пацверджаных выпадкаў захворвання каронавірусам, 5 чалавек памерлі, 1 паправіўся. У Латвіі 280 хворых каронавірусам, 1 чалавек паправіўся. Ва Украіне 218 хворых на COVID-19, 5 памерлых і 5 чалавек паправіліся.

ІІ belsat.eu

Hавiны