Мінэканомікі пра рэйтынг Сусветнага банку: гэта не падзенне Беларусі, а рост іншых краінаў


24 кастрычніка Міністэрства эканомікі пракаментавала зніжэнне пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу Сусветнага банку. У штогадовым рэйтынгу «Doing Business» Беларусь апынулася на 49-м месцы сярод 190 краін свету. Летась мы былі на 12 пазіцыяў вышэй.

Hавiны
Сусветны банк апусціў Беларусь у сваім рэйтынгу
2019.10.24 09:58

У Мінэканомікі адзначаюць, што прычына зніжэння не ў пагаршэнні ўмоваў для бізнесу ў Беларусі, а ў значным паляпшэнні гэтых умоваў у іншых краінах, а таксама ў недасканалай методыцы Сусветнага банку.

«У параўнанні з мінулым справаздачным перыядам адзначана зніжэнне па сямі з дзесяці пазіцыяў рэйтынгу, дзве пазіцыі засталіся на ранейшым узроўні, па адным з паказнікаў адзначаны рост. Аднак гэта адносная дынаміка. Паводле метадалогіі Сусветнага банку, рух у рэйтынгу «Вядзенне бізнесу» адбываецца адносна іншых удзельнікаў рэйтынгу. Такім чынам, зніжэнне пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу ўвогуле і па шэрагу кампанентаў шмат у чым тлумачыцца дынамікай іншых краінаў, якія ў 2018 годзе больш актыўна паляпшалі ўмовы вядзення бізнесу па дзесяці кампанентах рэйтынгу, – адзначылі ў Мінэканомікі.

Таксама ведамства сцвярджае, што паляпшэнні ёсць. Напрыклад, у працэсе «Рэгістрацыі прадпрыемстваў» скарочаны час на рэгістрацыю; у працэдуры «Атрыманне дазволу на будаўніцтва» скарочаны час на атрыманне дазволу; зменшаны кошт «Падключэння да сістэмы электразабеспячэння».

Таксама Мінэканомікі запэўнівае, што ў 2018-2019 гадах у Беларусі быў «прыняты шэраг захадаў па лібералізацыі ўмоваў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, якія не былі ахопленыя даследаваннем Сусветнага банку праз метадалогію, але былі пазітыўна ўспрынятыя беларускай дзелавой супольнасцю».

Сёлета прадстаўніца Беларусі ў ААН Ірына Вялічка назвала «фантастычнаю літаратураю» справаздачу спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн. У справаздачы гаворыцца, што ў нашай краіне не спрыяюць «іншадумству», а змены ў выбарчым заканадаўстве называюцца «касметычнымі».

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў