Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам, паведамляе афіцыйны Telegram-канал міністэрства.
Падчас сустрэчы з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі няма ніякіх падставаў для панікі ў сувязі з каронавірусам. «Але супакойвацца таксама нельга», – прыводзіць словы Лукашэнкі Telegram-канал «Пул первого».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на прысутнасць насцярожанасці з нагоды сітуацыі з каронавірусам, узровень захворвання ў Беларусі віруснымі інфекцыямі, у тым ліку і на грып, ніжэй чым у мінулыя гады.
«Дай бог, каб усё абышлося. Расслабляцца не трэба. Людзі павінныя разумець, што рукі, твар трэба мыць», – цытуе словы кіраўніка дзяржавы БелТА.
А тым, хто захварэў ці адчувае прыкметы хваробы, Аляксандр Лукашэнка параіў імкнуцца не разносіць інфекцыю і прымаць неабходныя меры рэагавання.
«Мяне перш за ўсё хвалюе галоўнае пытанне – кіравальнасць сістэмы. Кіравальнасць заўсёды паказвае сябе і з’яўляецца лакмусавай паперай у нейкіх неардынарных выпадках. Нядрэнна працуе, вядома, сістэма аховы здароўя і лекары малайцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Міністэрства аховы здароўя выступіла з прапановаю абмежаваць масавыя мерапрыемствы ў краіне. У ведамстве падкрэсліваюць, што гэтая захада стане прафілактыкай распаўсюду каронавіруса ў Беларусі. На сённяшні дзень у Беларусі афіцыйна пацверджана 12 выпадкаў заражэння каронавірусам.
11 сакавіка тэсты на наяўнасць каронавіруса далі станоўчы вынік у трох асобаў з Менску, Гомля і Горадні.
Адзін з іх быў выяўлены падчас кантролю ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» – беларускі грамадзянін вяртаўся з Партугаліі. Яшчэ адзін выпадак заражэння быў зафіксаваны на захадзе краіны. 62-гадовая жанчына прыбыла з Італіі ў Горадню з панядзелку на аўторак. У аўторак яна звярнулася да лекараў і была дастаўленая ў абласную інфекцыйную больніцу.
Удакладняючая дыягностыка на дадзены момант праводзіцца ў дачыненні пацыента, які прыбыў з Нямеччыны і пры гэтым схаваў факт свайго знаходжання раней у Паўночнай Італіі.
12 сакавіка планавалася «Вялікая размова з прэзідэнтам». Але яе вырашылі перанесці.
СК belsat.eu