Мінаховы здароўя Нямеччыны: у краіне пачынаецца эпідэмія каронавірусу


У Нямеччыне пачынаецца эпідэмія каронавірусу COVID-19 – за апошнія содні было зафіксавана сем новых выпадкаў інфікавання. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя ФРГ.

З 26 лютага каронавірус выявілі ў двух жыхароў Паўночнага Рэйна – Вестфаліі, у чатырох – Бадэн-Вюртэмберга і аднаго – Рэйнланд-Пфальц.

Міністр аховы здароўя ФРГ Йенс Шпан чакае сур’ёзнага распаўсюджвання вірусу ў краіне.

«Мы знаходзімся ў пачатку эпідэміі каронавірусу ў Нямеччыне», – заявіў ён у сераду, падкрэсліўшы, што ланцужкі інфекцыйнага працэсу збольшага немагчыма прасачыць, і ў гэтым навізна сітуацыі.

На гэтым фоне, па словах міністра, пад пытаннем, ці апынецца ўдалай ранейшая стратэгія па лакалізацыі вірусу і спыненні ланцужкоў інфекцыйнага працэсу.

Пасля пацверджання заражэння новым вірусам сямейнай пары ў Хайнсбергу (федэральная зямля Паўночны Рэйн – Вестфалія) мясцовыя ўлады рыхтуюцца прыняць маштабныя меры, каб перадухіліць распаўсюд інфекцыі. Значную колькасць насельніцтва змесцяць на хатні каранцін.

Hавiны
«Метро працуе, але ў ім пуста». Беларускі распавядаюць, што адбываецца ў Італіі праз каронавірус
2020.02.24 16:51

Жанчына, у якой быў выяўлены каронавірус, працуе выхавальніцай у дзіцячым садку, таму ўсе дзеці гэтай установы і іхныя бацькі павінны заставацца дома. У сямʼі ёсць двое сваіх дзяцей школьнага ўзросту, у якіх не выяўлена сімптомаў захворвання.

Пад хатні карантын змешчаны таксама ўсе пацыенты і персанал двух прыватных медычных кабінетаў, а таксама шэраг супрацоўнікаў Кёльнскай універсітэцкай клінікі, з якімі кантактавалі хворыя, калі хадзілі туды на прыём. З 26 лютага зачыненыя ўсе школы і дзіцячыя садкі ў акрузе Хайнсберг, яны адкрыюцца не раней за пачатак наступнага тыдня.

Хлопец і дзяўчына з Бадэн-Вюртэмберга, імаверна, заразілася падчас паездкі ў Мілан. Трэці хворы ў гэтым рэгіёне – бацька дзяўчыны, 60-гадовы загадчык аддзялення паталогіі ў універсітэцкай клініцы ў Цюбінгене. Па дадзеных медустановы, даследаваныя ўсе кантакты лекара, у ягоных калег узялі аналізы. Сам лекар на працу пакуль не хадзіць не будзе.

Чацвёрты інфікаваны з Бадэн-Вюртэмберга – 32-гадовы жыхар акругі Ротвайль. Ён таксама ездзіў нядаўна ў Італію.

У зямлі Рэйнланд-Пфальц вірус выяўлены ў вайскоўца, ён змешчаны ў цэнтральны шпіталь бундэсвера ў Кобленцы.

Раней у Нямеччыне было зафіксавана 16 выпадкаў інфікавання каронавірусам у рэгіёне Баварыя.

***

Каронавірус актыўна распаўсюджваецца ў Еўропе: найбольш афектаваная Італія (там загінула 11 чалавек). Першыя выпадкі пацвердзілі Грэцыя, Швейцарыя, Аўстрыя і Харватыя. У чацвер стала вядома пра першага хворага ў Эстоніі – ім аказаўся грамадзянін Ірану, які прыбыў з Рыгі.

Усяго на дадзены момант на каронавірус у свеце хварэюць больш за 82 тысячы асобаў. Памер 2801 чалавек, яшчэ больш за 32 тысячы паправіліся.

КА belsat.eu

Стужка навінаў