Мінаховы здароўя: Каранціну не будзе, сітуацыя з каронавірусам у Беларусі кантраляваная


У Беларусі афіцыйна 86 выпадкаў захворвання на каронавірусную інфекцыю. Мінаховы здароўя паведамляе, што агулам у шпіталях пад назіраннем цяпер знаходзіцца 1200 асобаў.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падчас стрыму «Тваё пытанне Міністэрству аховы здароўя і Мінадукацыі аб сітуацыі з COVID-19 у Беларусі», распавёў, што ў Беларусі афіцыйна выяўлена 86 выпадкаў інфікавання. Яшчэ два выпадкі пераправяраюцца, паколькі аналіз паказаў сумнеўныя вынікі. Адзін з такіх выпадкаў зафіксаваны ў Жыткавічах.

 

«У шпіталях пад назіраннем цяпер знаходзіцца 1200 асобаў. Гэта асобы так званага «першага кантакту», – распавёў Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

На думку міністра, такая колькасць ізаляваных не ўяўляе надзвычайнага цяжару на сістэму аховы здароўя. Але карысць захады, як распавёў Уладзімір Каранік, відавочная.

«У 41 чалавека з тых, хто былі ізаляваных, выявілі каронавірус. Такім чынам распаўсюд інфекцыі ўдалося спыніць», – адзначыў Уладзімір Каранік.

Міністр таксама распавёў, што медыкам дапамагаюць міліцыянты, якія праглядваюць камеры назірання, каб пабачыць, з кім падазраваныя на інфекцыю камунікавалі.

Закранулі медыкі і тэму каранціну ў навучальных установах. Чарговы раз з вуснаў чыноўнікаў прагучала, што абмежавальныя захады ва ўстановах адукацыі ўводзіць не будуць, паколькі гэта не мэтазгодна.

«Дыстанцыйнае навучанне – таксама не вельмі добры досвед, які мы атрымалі на прыкладзе БНТУ. Паколькі нягледзячы на заклікі, студэнты масава раз’ехаліся па рэгіёнах. Каля 1000 студэнтаў праігнаравалі заклік Мінаховы здароўя не выязджаць з Менску і пазней іх прыйшлося шукаць па месцах жыхарства», – сказаў Уладзімір Каранік.

Не будуць адмяняцца і заняткі па фізкультуры. У Мінадукацыі лічаць, што заняткі спортам неабходныя для моладзі.

«Урокі фізкультуры наадварот матывуюць да таго, каб арганізм быў здаравейшы і мацнейшы. ВНУ арганізоўваюць заняткі па фізкультуры такім чынам, каб яны не прадугледжвалі збор вялікай колькасці людзей, У кожным ВНУ ёсць некалькі спартовых залаў. Заняткі праводзяцца і на вуліцы. Таму мы не бачым неабходнасці ў іх адмене, тым больш пераносе. Бо пераносіць лекцыі – гэта апраўдана. Гэтыя матэрыялы можна вывучыць дыстанцыйна. А вось фізкультуру не навярстаеш, арганізм павінен быць у тонусе» – распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч.

Уладзімір Каранік падрабязна спыніўся на тым, якім чынам медыкі выяўляюць каронавірус у інфікаваных.

«Ёсць тры віды тэстаў. Гэта расейскія «Вектар» САЗаўскія тэсты і нашыя ўласныя распрацоўкі. Таму калі адзін з тэстаў дае станоўчы рэзультат, распачынаюцца супрацьэпідэміялагічныя захады, нібыта факт інфікавання ўстаноўлены. Але паралельна праводзіцца тэставанне і на другіх прыладах. Гэта значыць усе тры тэсты павінныя даць адназначна станоўчы рэзультат, пасля чаго мы кажаш, што так, выпадак пацверджаны», – распавёў Уладзімір Каранік.

Паводле Мінаховы здароўя, у нашай краіне створаны запас лекаў, які задаволіць патрэбы Беларусі. Дастаткова і апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ).

«Мы спадзяемся, што нам удасца стрымаць сітуацыі на такім узроўні, каб нам не давялося масава выкарыстоўваць апараты ШВЛ. Але мы правялі рэвізію наркозна-дыхальнага абсталявання ў краіне. І прывяду статыстку. У ЗША на 100 тысячаў чалавек прыходзіцца 12,9 апаратаў ШВЛ. У Італіі – 8,8. Калі браць усё абсталяванне ў Беларусі, то ў нас лічба – 38. калі браць апараты ШВЛ – то гэта больш за 25», – сказаў Уладзімір Каранік.

Hавiны
У Беларусі 86 выпадкаў заражэнняў на каронавірус, яшчэ два выпадкі ўдакладняюць
2020.03.25 10:13

СК belsat.eu

Стужка навінаў