Мінадукацыі – пра здарэнне, падчас якога настаўніца парвала вучаніцы вуха


У апублікаваным 30 студзеня каментары пра здарэнне ў гомельскай гімназіі №71 Міністэрства адукацыі заяўляе, што незалежна ад сукупнасці абставінаў рэакцыя педагога на паводзіны школьніцы была недапушчальнай.

Паводле чыноўнікаў, ведамства неаднаразова звяртала ўвагу на недапушчальнасць агрэсіі або гвалту ў дачыненні да непаўналетніх.

Міністэрства нагадаве, што, каб выключыць паўтарэнне падобных негатыўных выпадкаў, педагогам належыць выконваць дакладны алгарытм дзеянняў. Нормы паводзінаў настаўніка прапісаныя, напрыклад, у артыкуле 53 Кодэксу аб адукацыі.

«Настаўнік абавязаны выконваць прававыя, маральныя і этычныя нормы. Таму любы гвалт (фізічны ў выглядзе «разы па карку» або псіхалагічны ў форме нецэнзурных выказванняў) з пазіцыі педагога недапушчальныя», – заяўляюць у міністэрстве.

28 студзеня стала вядома, што настаўніца гімназіі №71 схапіла за вуха вучаніцу трэцяга класу і траўмавала ёй мочку. Дзяўчынка патрапіла ў шпіталь, дзе ёй наклалі швы.

Праз тры дні пасля здарэння бацькі падалі заяву ў міліцыю. Там распавялі «Tut.by», што ладзіцца праверка, прызначаная судова-медычная экспертыза.

Паводле дырэктаркі гімназіі, у справе цяпер разбіраецца Следчы камітэт.

Паводле Мінадукацыі, у школе вядзецца таксама ўнутранае следства, пасля якога кіраўніцтва навучальнай установы прыме адпаведныя рашэнні.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў