Міліцыянты затрымалі берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава

Раніцай 18 красавіка міліцыянты затрымалі Аляксандра Кабанава, блогера і актывіста, які выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці. Пра гэта паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Напярэдадні міліцыянты ў Берасці затрымалі Дзмітрыя Бекалюка. Раніцай стала вядома пра затрыманне Аляксандра Кабанава.

«У 7-30 яго затрымалі ў Пінскім раёне, у Гарадзішчы. Кабанаў там знаходзіўся на самаізаляцыі. З учорашняга вечара хату блакавалі міліцыянты. Раніцай Кабанаў сабраў дзяжурны пакунак, пагаліўся, наклаў маску і выйшаў за браму, дзе і быў затрыманы», – паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Праваабаронца выказвае меркаванне, што міліцыянты затрымалі Аляксандра Кабанава праз яго выступ у мінулую нядзелю ў Берасці падчас акцыі «кармлення галубоў». Уладзімір Вялічкін лічыць, што да панядзелка затрыманых актывістаў не выпусцяць, каб перашкодзіць нядзельнай акцыі пратэсту супраць заводу АКБ.

Праваабаронца выказвае меркаванне, што могуць быць яшчэ прэвентыўныя затрыманні тых, хто актыўна выступаў 12-га красавіка на плошчы ў Берасці.

Пазней супрацоўнікі міліцыі затрымалі яшчэ аднаго праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу, экаактывіста Зміцера Андрасюка.

«Па дарозе на вёску затрымалі экаактывіста Зміцера Андрасюка. Ад самай хаты, за машынай у якой ён ехаў, за імі прычапілася машына з людзьмі, аднаго з якіх ён ведаў як міліцыянта», паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкі.

Зміцер Андрасюк таксама прымаў удзел у «нядзельным кармленні галубоў» на плошчы Леніна ў Берасці 12 красавіка.

У Берасці актывісты выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Гараджане лічаць, што выкіды з заводу пашкодзяць іхнаму здароўю і навакольнаму асяроддзю. Яны выходзяць на пратэсты – «кармленне галубоў» – кожную нядзелю з лютага 2018 году. Падчас апошняй акцыі 12 красавіка на галоўную плошчу ў горадзе выйшлі каля 200 чалавек.

У Берасці сотні чалавек пратэставалі супраць акумулятарнага заводу

СК belsat.eu

Hавiны