У каментары belsat.eu Віталь Сарока распавёў, што дасюль не атрымаў грошай ад крыўдзіцеля. Здарэнне адбылося сёлета ў Вялікдзень: сужыхарка Андрэя Карачуна, інспектарка ў справах няпоўнагадовых Алена Сяргеева, прыехала да суседзяў, дзе быў Віталь. Жанчына лаялася і звярталася да ўсіх на «ты», таму мужчына зрабіў ёй заўвагу. Пасля гэтага яна выклікала Карачуна і паміж ім і Сарокам адбыўся канфлікт.
«Я пайшоў у суд забраць паперы, каб патрабаваць грошы праз аддзел прымусовага выканання, бо ён нічога не заплаціў. У яго ёсць тыдзень, пасля прыставы пачнуць апісваць маёмасць», – распавёў «Белсату» Сарока.
Віталь Сарока сцвярджае, што Карачун працуе цяпер нелегальна: развозіць парсюкоў на продаж і не плаціць падаткаў.
«Са звычайных людзей дзяруць тры шкуры, а ім хоць бы што», – адначае Віталь.
Былы кіраўнік РАУС пайшоў на павышэнне ў Менск і атрымаў трохпакаёўку, адзначае Віталь.
«Кажуць, што ў яго ўжо генеральская пасада. Аказалася, Карачун – добры знаёмы Андрэя Бярозкі, разам адпачывалі. Ён адчувае беспакаранасць: не плаціў ні штрафу дзяржаве, ні аліментаў, ні грошай мне», – абураецца герой матэрыялу.
Віталь распавядае, што кіраўнік Уздзенскага РАУСу Андрэй Бярозка прыязджаў і прасіў памірыцца, не даводзіць справы да суда.
Андрэй Карачун прызнаў віну толькі праз паўгода пасля пачатку следства. Крыўднік хаваўся ад пакарання ў шпіталях, але пасля публікацыі belsat.eu з’явіўся ў судзе і даў паказанні.