Міліцыянт, каб не плаціць кампенсацыі за збіццё, пайшоў у качагары


Віталь Сарока, кіроўца з Узды, мае атрымаць кампенсацыю за страсенне мозгу і 18 дзён у шпіталі: Br 2000 – за маральную шкоду і Br 285 – за матэрыяльную. Аднак крыўднік не спяшаецца з аплатаю.

Працаўнік Уздзенскага РАУС Андрэй Карачун напаў на Віталя Сароку ўпоцемку са спіны і біў ботамі ў твар са словамі: «Наступным разам заб’ю». Здарэнне мела месца на Вялікдзень: сужыхарка Карачуна, інспектарка ў справах няпоўнагадовых Алена Сяргеева, прыехала да суседзяў, дзе быў Віталь. Жанчына лаялася і звярталася да ўсіх на «ты», таму мужчына зрабіў ёй заўвагу. Пасля гэтага яна выклікала Карачуна.

Фота
18 дзён у шпіталі. Міліцыянта, які збіў кіроўцу, хаваюць, бо ягоны кіраўнік ідзе на павышэнне
2019.09.24 10:02

Карачун прызнаў віну толькі праз паўгода пасля пачатку следства. Крыўднік хаваўся ад пакарання ў шпіталях, але пасля публікацыі belsat.eu з’явіўся ў судзе і даў паказанні.

Суд Уздзенскага раёну падтрымаў ахвяру і загадаў выплаціць грашовую кампенсацыю. Андрэй Карачун не пагадзіўся з рашэннем і падаў апеляцыю ў Менскі абласны суд. Ён хацеў, каб яму зменшылі памер выплаты і прызначылі мінімальнае пакаранне, бо мае на ўтрыманні траіх дзяцей. Аднак апеляцыйная камісія адхіліла патрабаванні міліцыянта.

16 кастрычніка Карачун меўся сысці на пенсію за выслугу гадоў, аднак, паводле Віталя Сарокі, сышоў з органаў праз стан здароўя: пасля выдалення грыжы ён прайшоў медкамісію і ўладкаваўся качагарам. Паводле ахвяры міліцэйскага бязмежжа, Карачун зрабіў гэта, каб не выплочваць кампенсацыі.

«Ён на суд не мог прыйсці цягам паўгода, а качагарам працаваць можа. Ён пайшоў туды, каб яму вылічвалі з заробку мінімум кампенсацыі, каб не плаціць усёй сумы адразу».

Віталь Сарока адзначыў, што УУС Менскага гарвыканкаму гэтак і не даслала вынікаў службовага правярання ў справе дзеянняў уздзенскага міліцыянта.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў