Міліцыя ладзіць правяранне па факце пагрозаў журналістцы «Белсату»

Аддзел крымінальнага вышуку УУС Савецкага раёну Менску распачаў правяранне па факце пагрозаў, якія атрымала журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева ад экс-баевіка ДНР.

17 студзеня Кацярыну выклікалі ў РАУС Савецкага раёну, каб даць тлумачэнні супрацоўнікам міліцыі. Паводле іх словаў, удалося ўстанавіць сапраўднае імя чалавека, які прадставіўся журналістцы як «Дзяніс Глазкін». На дадзены момант міліцыянты працягваюць збіраць матэрыялы праверкі, да якіх, сярод іншага, далучаныя фотаздымкі, дзе беларус пазіруе са зброяй у руках. Праваахоўнікі таксама папрасілі журналістку прадставіць ім фрагмент аудыёзапісу размовы з гэтым чалавекам.

Як паведамілі belsat.eu суседзі экс-баевіка, насамрэч ён жыве ў вёсцы Белае Лагойскага раёну (а не ў Плешчаніцах, як казаў раней) і ягонае сапраўднае прозвішча іншае.

Калі ў міліцыі хопіць доказаў, што Давідовіч пагражаў Кацярыне Андрэевай, то ва ўстаноўленым законам парадку будзе распачатая крымінальная справа паводле арт. 186 КК Беларусі («Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці»). Максімальная санкцыя паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

«Ёсць жаданне скруціць табе галаву». Баявік ДНР пагражае журналістцы «Белсату»

Нагадаем, 14 студзеня стала вядома, што на на адрас нашай калегі Кацярыны Андрэевай паступіла пагроза ад героя матэрыялу «Баявік ДНР заявіў, што яго завербаваў ГУБАЗіК: хацелі адправіць ва Украіну». Мужчына патэлефанаваў карэспандэнтцы на прыватны мабільны і сказаў: «Не я адзін такі, хто мае жаданне скруціць табе галаву» і дадаў: «Змяняй месца жыхарства». Пасля гэтага Кацярына падала заяву ў міліцыю.

belsat.eu

Hавiны