Калі ацэньваць становішча Беларусі па такіх рэгулярных выказваннях Лукашэнкі, як: «будзе нялёгка», «будзе цяжка», «няпросты год», «трэба напружыцца» і г.д., то можна зрабіць выснову, што краіна знаходзіцца ва ўмовах пастаяннай знешняй аблогі. Акрамя таго, уся гэтая барацьба ў рамках кіравання Лукашэнкі не прыводзіць да паляпшэння сітуацыі і не дапамагае ў жыццё, але пагаршае становішча, нібыта ўцягвае Беларусь у спіраль праблемаў і цяжкасцяў.
Мяркую, што і сам кіраўнік Беларусі ўсведамляе, што яго палітыка завяла краіну і грамадства ў геапалітычны і эканамічны тупік, што ягонае кіраванне разбурае дзяржаву і нацыю. Тым не менш, гэта не падстава адмаўляцца ад улады або змяніць змест палітыкі, якая працягвае абапірацца на рэпрэсіі і маніпуляцыі. «Парламенцкая кампанія», якая прайшла нядаўна, і распачаты працэс падрыхтоўкі да «кампаніі прэзідэнцкай» з’яўляюцца таму доказам. Разам з тым, прэзідэнцкія «выбары» 2020 года пройдуць у цяжкіх палітычных і эканамічных умовах і будуць патрабаваць напружання ўсіх рэсурсаў дзяржаўнай сістэмы.
Менавіта гэтым можна патлумачыць нечаканыя кадравыя перастаноўкі ў вышэйшым кіраўнічым звяне Адміністрацыі прэзідэнта і прызначэнне на пасаду кіраўніка АП былога першага намесніка старшыні КДБ генерал-маёра Ігара Сергяенкі.
Прыход сілавіка ў цэнтральны апарат адміністрацыйнага кіравання будзе азначаць яго мабілізацыю (у нейкай ступені мілітарызацыю) і арыентацыю на асабліва рэпрэсіўныя метады ў вырашэнні крытычных задач. Беларусь безумоўна знаходзіцца на парозе глыбокага ўнутранага і знешнепалітычнага крызісу. Гэты крызіс вызначаецца 3 галоўнымі фактарамі:
Для аўтарытарнай дзяржавы такія глыбокія пераўтварэнні пагражаюць сур’ёзнымі ўзрушэннямі, інстытуцыянальнымі зрухамі і непрадказальнымі рэакцыямі як унутры грамадства, так і за мяжой.
Таму, на думку Лукашэнкі, канцэнтрацыя ўсіх рычагоў кіравання ў руках сілавікоў, зніжэнне пагроз – лепшы спосаб крызіснага кіравання і магчымасць перажыць «цяжкі» 2020 год. Па ўсёй бачнасці, высокія палітычныя рызыкі і «надзвычайнасць» сітуацыі вымусілі ўлады адмовіцца ад «гульняў у лібералізм» і ад фармальнай прысутнасці «незалежных кандыдатаў у парламенце». Такім чынам, кантрольна-рэпрэсіўны апарат павінен будзе сканцэнтравацца на вырашэнні глабальных задач, а не распыляць рэсурсы на рэалізацыю другараднага кантролю.
У сваю чаргу, палітычная мілітарызацыя наўпрост пацвярджаюць факт таго, што інтэграцыйная вайна і канстытуцыйныя змены будуць мець велізарныя наступствы для краіны.
Так, у выпадку непадпісання «праграмы па паглыбленай інтэграцыі», Расея пачне масіраваную эканамічную і інфармацыйна-палітычную атаку на Беларусь з мэтай справакаваць сацыяльную напружанасць і распад дзяржаўных інстытутаў. У сваю чаргу, «капітуляцыя» беларускага кіраўніцтва перад Масквой таксама можа абярнуцца нарастаннем напружанасці і незадаволенасці з боку грамадзянаў, дэзарыентацыяй грамадства і бюракратычнага апарата. У гэтых умовах, сілавікі павінныя будуць забяспечыць кантроль і кіравальнасць дзяржаўнага апарату, асабліва на месцах.
Што тычыцца зменаў у Канстытуцыі, то «мілітарызацыя» дзяржаўнага апарату кіравання таксама азначае, што яны будуць тычыцца пашырэння ўладных паўнамоцтваў Лукашэнкі з дапамогай маніпуляцыяў тэрмінамі і палітычнымі пасадамі. Мяркую, што гаворка можа ісці пра павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў і ўвядзенне пасады віцэ-прэзідэнта.
Варта нагадаць, што ў 2004 годзе, калі ўлады падрыхтавалі і правялі рэферэндум па зменах у Канстытуцыю, пасля якіх кіраванне Лукашэнкі стала «неабмежаваным», кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта быў генерал КДБ Урал Латыпаў.
Прымаючы пад увагу той факт, што ломка канстытуцыі будзе праходзіць на фоне растучай незадаволенасці насельніцтва праўленнем Лукашэнкі, якая будзе ўзмацняцца за кошт пагаршэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, мілітарызацыя сістэмы становіцца проста неабходнай.
Зразумела, што за гады рэпрэсіяў пратэстны патэнцыял грамадства моцна падарваны, тым не менш, заўсёды ёсць рызыкі ўсплёску грамадзянскай актыўнасці. Больш за тое, рэвалюцыя ў Арменіі ў 2018 годзе, якая была справакаваная пераўтварэннямі Канстытуцыі, прымушаюць беларускі рэжым дзейнічаць на апярэджанне.
У такім стане аблогі будзе праходзіць прэзідэнцкая «кампанія», што безумоўна паўплывае на яе ход і змест. На мой погляд, улады будуць імкнуцца правесці яе з найменшай для сябе нагрузкай. Хутчэй за ўсё гэта будзе больш спрошчаны варыянт выбараў 2015 года, з двума-трыма тэхнічнымі кандыдатамі. Галоўны ўпор будзе рабіцца на тое, каб не дапусціць актывізацыі і мабілізацыі пратэстнага патэнцыялу грамадства, на знішчэнне самой ідэі палітычнай альтэрнатывы і на падтрыманне хаосу ў апазіцыі.
Павел Усаў/ІР belsat.eu
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.