Актывіст анархічнага руху Мікалай Дзядок накіраваў скаргу ў Крупскі раённы аддзел Следчага камітэту з нагоды перавышэння супрацоўнікамі Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў падчас разгону нефармальнай сустрэчу анархістаў 30 чэрвеня.
У той дзень у лесе, што ў некалькіх кіламетрах ад Крупак, каля 20 анархістаў вырашылі арганізаваць нефармальную сустрэчу. У ёй прымаў удзел і былы палітвязень Мікалай Дзядок. Паводле яго слоў, каля 15.30 ён пачуў аўтаматныя стрэлы і ўбачыў людзей у камуфляжы і ў масках. Чацвёра спецназаўцаў схапілі Дзядка і начапілі на яго кайданкі, пры гэтым не назваўшы прычын затрымання. Прыкладна тое самае адбывалася і з астатнімі ўдзельнікамі сустрэчы. Анархістаў ставілі на калені і прасілі на камеру называць свае дадзеныя. Некалькі гадзінаў яны стаялі на каленях пад дажджом, а Дзядок ляжаў на мокрай зямлі.
Мікалай Дзядок лічыць, што падчас 6-гадзіннай спецаперацыі, праведзенай сумесна супрацоўнікамі САХРа, ГУБАЗіК, Крупскага РАСК і Крупскага РАУС, было дапушчана шмат працэсуальных парушэнняў і парушаны шэраг яго правоў.
Сілавікі не склалі на Дзядка ніводнага працэсуальнага дакументу і неабгрунтавана выкарысталі зброю падчас затрымання, што, на думку актывіста, з’яўляецца перавышэннем паўнамоцтваў. Паводле Дзядка, ён агулам каля пяці гадзін правёў у кайданках, лежачы пад дажджом тварам у зямлю, што з’яўляецца жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем. Акрамя гэтага, было парушана права на свабоду асацыяцый, паколькі Дзядок знаходзіўся ў лесе разам са сваймі сябрамі і паплечнікамі па анархічным руху.
Дзядок мяркуе, што супрацоўнікі САХРа і ГУБАЗіК перавысілі свае службовыя паўнамоцтва, і таму просіць СК распачаць крымінальную справу па арт.426 КК РБ і прыцягнуць вінаватых асобаў да адказнасці.
ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org