20 траўня ЦВК зарэгістравала 10 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Раней права на збор подпісаў атрымалі яшчэ 5 камандаў магчымых спарынг-партнёраў Аляксандра Лукашэнкі. Коратка распавядаем пра кожнага.
121 сябар ініцыятыўнай групы
Нарадзіўся ў Белаазёрску. Бацькі – інжынеры-будаўнікі. Скончыў энергетычны факультэт Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі па спецыяльнасці інжынер-электрык. У 2003 годзе атрымаў дыплом магістра дзяржаўнага кіравання ў Львоўскім рэгіянальным інстытуце дзяржаўнага кіравання Нацыянальнай акадэміі дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце Украіны. У 2006 годзе быў даверанаю асобай і кіраўніком берасцейскага абласнога штабу кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. У 2016 годзе ўзначаліў Рух «За Свабоду».
Заклікае беларусаў не адкрываць дзверы зборшчыкам подпісаў.
«Я проста не ўяўляю, хто з кандыдатаў у здаровым розуме можа накіраваць сваіх збіральнікаў подпісаў па кватэрах грамадзянаў. Хіба што адзін – Аляксандр Лукашэнка, бо яму ўжо губляць няма чаго і людзі ў ініцыятыўных групах у яго паднявольныя. Але я звяртаюся да кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь: не адчыняйце дзверы збіральнікам подпісаў! Таму што, калі ён прыходзіць да вас у кватэру, першы дзень працуе, другі, трэці… На чацверты ён атрымлівае заражэнне, на сёмы робіцца пераносчыкам заразы. Гэта будзе хадзячая біялагічная зброя», – мяркуе Губарэвіч.
Бярэ ўдзел у выбарах, каб распаўсюджваць інфармацыю пра неабходнасць зменаў у Беларусі і выступае за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі.
120 сябраў ініцыятыўнай групы
Мянчанка з сям’і рабочых. Вучылася на юрыста ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і на бухгалтара ў Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Сёлета брала ўдзел праймерыз – працэдуры абрання «адзінага» кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі. Пасля правалу праймерыз разам з Юрыем Губарэвічам і Мікалаем Казловым ініцыявала кампанію «За Беларусь без дыктатуры!»
2402 сябры ініцыятыўнай групы
Мянчук. Жыве ў вёсцы. Скончыў ЕГУ. Служыў у войску. Займае пасаду сустаршыні грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Раней быў міжнародным каардынатарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
«Мы рыхтаваліся да гэтай кампаніі [выбары-2020 – заўв. Belsat.eu] апошнія пяць гадоў – з моманту 2015 года, калі мы выстаўлялі кандыдатам Таццяну Караткевіч, якая сабрала мільён галасоў [паводле НІСЭПД], збіралі падтрымку. На сённяшні дзень мы гатовыя ісці ў гэтую кампанію нягледзячы на тыя перашкоды, якія сёння маюць усе: перадусім – пандэмія каронавіруса», – заявіў у размове з «Белсатам» Андрэй Дзмітрыеў.
У інтэрв’ю euroradio.fm паведаміў, што зарабляе каля $ 700 у месяц.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года быў кіраўніком ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. У 2017 годзе Дзмітрыеў апублікаваў план «Чаго можа дасягнуць апазіцыя за пяць гадоў». Па сутнасці, ён прапанаваў супрацу апазіцыі з уладамі, каб павялічыць прысутнасць прадстаўнікоў дэмсілаў у мясцовых саветах і парламенце. Часамі Дзмітрыева называюць прадстаўніком гэтак званай «канструктыўнай апазіцыі».
173 сябры ініцыятыўнай групы
Юрый Ганцэвіч – фермер-блогер з вёскі Пакалюбічы. Набыў папулярнасць у сеціве пасля публікацыі відэа, на якім ён эмацыйна распавядае працаўніку ДАІ, што на ім зарэгістравана дзевяць транспартавых сродкаў, і за кожны – трэба плаціць вялізны дарожны збор.
У 2019 годзе Ганцэвіч спрабаваў трапіць у Палату прадстаўнікоў. Фермер зладзіў яскравую кампанію – прыязджаў на свае пікеты на трактары і браў на перадвыбарчую агітацыю карову і казу.
«Ён захапіў усе галіны ўлады. Немагчыма выяўляць сваё меркаванне. Немагчыма збірацца [імаверна, што гаворка пра права на мірныя сходы – заўв. Belsat.eu]. Нельга зрабіць нейкія перамены. Усе беларусы адчуваюць страх. Усе баяцца страціць працу і маўчаць. Яны размаўляюць толькі на кухнях. З гэтым трэба скончваць», – сказаў у сваім звароце да беларусаў Юрый Ганцэвіч.
4034 сябры ініцыятыўнай групы
Нарадзіўся ў Менску. Вучыўся ў Акадэміі МУС. З 1999 па 2012 год працаваў у праваахоўных структурах. Звольніўся з МУС у званні падпалкоўніка. У 2012 годзе стаў намеснікам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ), якой кіраваў ягоны бацька Сяргей Гайдукевіч. Цяпер Алег Гайдукевіч узначальвае ЛДПБ. У 2019 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Пра намер удзельнічаць у выбарах-2020 Алег Гайдукевіч казаў даўно. Па сутнасці, ён пераняў эстафету ад свайго бацькі, які тройчы быў спарынг-партнёрам Лукашэнкі (на выбарах у 2001, 2006 і 2015).
1237 сябраў ініцыятыўнай групы
Наймаладзейшы патэнцыйны кандыдат. Нарадзіўся ў Крычаве. Да 18 гадоў жыў у Магілёве. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасці «Шматканальныя сістэмы тэлекамунікацыяў», паралельна – у Інстытуце бізнес-тэхналогіяў «Атлант-М».
Працаваў кансультантам па крызісным менеджменце.
Быў сябрам Камуністычнай партыі Беларусі. Цяпер узначальвае Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, якой раней кіраваў Станіслаў Шушкевіч. У інтэрв’ю belaruspartisan.by Станіслаў Шушкевіч назваў Чэрычня «амбіцыйным чалавекам». Больш інфармацыі на афіцыйнай старонцы Сяргея Чэрычня.
147 сябраў ініцыятыўнай групы
Жыве ў Менску. Працуе намесніцай дырэктара транспартнай кампаніі па грузаперавозках. Наталля – сябра Рады Асацыяцыі грузаперавозчыкаў «Рэгіён 8», мае тры вышэйшыя адукацыі.
Раней Наталля Кісель мела акрэдытацыю пры Дэпартаменце банкруцтва – антыкрызісны кіраўнік катэгорыі «В».
Ніколі не займалася палітыкай. Мае двух дзяцей.
8905 сябраў ініцыятыўнай групы
Нарадзіўся ў Менску. Вучыўся ў БДУ і Акадэміі кіравання. Скончыў магістратуру БДЭУ. З 1995 года працаваў у банкаўскай галіне. З 2000 да траўня 2020 года быў кіраўніком праўлення «Белгазпрамбанку» (звольніўся паводле ўласнага жадання напярэдадні заявы аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай гонцы).
У 2002 годзе Аляксандр Лукашэнка аб’явіў Віктару Бабарыку падзяку за «шматгадовую самаадданую працу і значны ўнёсак у развіццё банкаўскай сістэмы» Беларусі. У 2015 годзе банкір атрымаў ганаровае званне «Мецэнат культуры Беларусі».
Філантроп і аматар мастацтва. Адзін са стваральнікаў ініцыятывы «Арт-Беларусь» – карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанку».
884 сябры ініцыятыўнай групы
Нарадзінец Горадні. Скончыў прэстыжны Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў МЗС СССР. Кандыдат юрыдычных навук у галіне міжнароднага права. Працаваў дарадцам кіраўніка Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь.
У 1994 годзе Валер Цапкала далучыўся да каманды Аляксандра Лукашэнкі. Пасля ягонай перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Цапкала атрымаў пасаду намесніка кіраўніка МЗС. Быў амбасадарам Беларусі ў ЗША.
З 2005 да 2017 года ўзначальваў Парк высокіх тэхналогіяў. Напярэдадні свайго звальнення даў некалькі рэзанансных інтэрв’ю, у якіх адкрыта крытыкаваў падыход дзяржавы да бізнесу.
Валер Цапкала збіраецца фінансаваць выбарчую кампанію з уласных сродкаў. Сёлета дзеля гэтага ён прадаў свой элітны дом, які знаходзіцца за Нацыянальнай бібліятэкай у Менску.
1313 сябраў ініцыятыўнай групы
Нарадзілася ў Менску. Скончыла юрфак БДУ. Працавала дырэктарам кампаніі «Гринрей», якая аказвае юрыдычныя паслугі. У 2016 годзе была абраная дэпуткаю Палаты прадстаўнікоў. З 1995 па 2019 год была сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП). У снежні 2019-га Палітрада АГП пазбавіла Канапацкую партыйнага сяброўства з фармулёўкаю «за страту даверу».
Сёлета Ганна Канапацкая спрабавала ўзяць удзел у працэдуры абрання «адзінага» кандыдата ад апазіцыі. Ёй адмовілі. Фармальнаю падставаю стала неадпаведнае афармленне подпісаў, якія яна сабрала для ўдзелу ў абранні «адзінага». Акрамя таго, яе не падтрымалі прадстаўнікі АГП і БСДП(Г).
Ганна Канапацкая пра заклікі на пратэст, інтэрв’ю «Белсату» (люты 2020 г.)
«Я не магу браць на сябе адказнасць і заклікаць людзей на несанкцыянаваныя акцыі, бо разумею, якая гэта адказнасць і якія наступствы гэта пацягне. Калі вы запытаеце асабіста пра мяне – так, я буду выходзіць на акцыі пратэсту, я буду ў іх удзельнічаць».
Бацька Ганны Канапацкай – Анатоль Трухановіч, першы беларускі доларавы мільянер.
252 сябры ініцыятыўнай групы
Перакладчыца. Жонка блогера Сяргея Ціханоўскага. Ідзе ў прэзідэнты, бо ініцыятыўную групу ейнага мужа не зарэгістравалі.
Сяргей Ціханоўскі паведаміў пра намер ісці ў прэзідэнты на сваім YouTube-канале. Аднак ЦВК адмовіўся рэгістраваць ягоную ініцыятыўную групу, бо на дакументах не было подпісу блогера. З 6 па 20 траўня блогер знаходзіўся ў ІЧУ, куды яго накіравалі адбываць 15 содняў адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 снежня.
121 сябар ініцыятыўнай групы
Нарадзіўся ў Валожыне. Скончыў вайсковае вучылішча ў Новасібірску. Падпалкоўнік у запасе. 17 гадоў працаваў ва Упраўленні ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну Менску. Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ініцыятар кампаніі «За Беларусь без дыктатуры!»
125 сябраў ініцыятыўнай групы
Гомельскі актывіст. Пенсіянер. Часта з’яўляецца на публіцы ў цішотках з надпісамі, якія крытыкуюць Аляксандра Лукашэнку і вынікі ягонай працы.
116 сябраў ініцыятыўнай групы
Мянчук. Лідар метал-гутра «Znich». Тату-майстар.
11 000 сябраў ініцыятыўнай групы
Прэзідэнт з 25-гадовым стажам.
ЮВ belsat.eu