Месяц пасля дыягназу COVID-19. Чаму фельчарку з Гомля не дапускаюць да працы?


Алена Давыдава, якую прызналі хворай на COVID-19, праз месяц пасля пастаноўкі дыягназу не можа выйсці на працу. Чаму? Разбіраўся «Белсат».

Алена Давыдава, фельчарка з Гомля, якая працуе на хуткай, не можа выйсці на працу. Прычына – адсутнасць немагчымасці даказаць, што яна не хворая.

Месяц таму Алене Давыдавай, якая працуе фельчаркай на хуткай у Гомлі, паставілі дыягназ: каронавірусная інфекцыя. Жанчына лічыць, што гісторыя з яе хваробай – палітычны ціск улады за яе грамадзянскую актыўнасць. Яна мела намер зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу для ўдзелу ў выбарах як кандыдат пратэсту ад ініцыятывы Міколы Статкевіча. Напярэдадні ад’езду ў Менск на рэгістрацыю медыкі і міліцыя паведамілі ейны сваякам, што яна зʼяўляецца кантактам першага ўзроўню і таму мусіць два тыдні знаходзіцца на самаізаляцыі. Нягледзячы на міліцэйскую аблогу хаты, Алена здолела ўцячы і трапіць у Менск. Па вяртанні ў яе ўзялі аналіз крыві на COVID-19, які апынуўся станоўчым. Сама Алена Давыдава лічыць тэст падробкай і ўпэўнена, што яна не хварэла на каронавірус.

12 чэрвеня ў дачыненні да Алены Давыдавай супрацоўнікамі Навабеліцкага РАУС складзены пратакол за парушэнне рэжыму самаізаляцыі. Максімальнае пакаранне па ім – штраф 50 базавых велічыняў (Br 1350).

Hавiны
Прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзідэнты Алена Давыдава: на мяне ціснуць
2020.05.15 18:45

«Я пражываю разам з мужам, трыма дзецьмі і старэнькай мамай, – каментуе спадарыня Алена сітуацыю. – І за гэты час нібыта маёй хваробы ніхто не захварэў, прынамсі я не бачыла аніякай клінічнай праявы хваробы, нават у маёй старэнькай мамы, якая мае некалькі хранічных захворванняў».

Пасля пастаноўкі дыягназу медыкі так і не адкрылі Алене Давыдавай бальнічны, матывуючы гэта тым, што яна адмовілася, каб яе агледзелі лекары.

«Па-першае, я сама медык і магу ацаніць свой клінічны стан і маёй сям’і, – адказвае Алена Давыдава. – Па-другое, я маю засцярогі, што калегі нават у супрацьчумных касцюмах падчас агляду могуць мяне заразіць каронавірусам. Бо я ведаю, што касцюмы ў іх не аднаразовыя, яны іх пасля кожнага пацыента не мяняюць, а значыць для мяне яны – патэнцыйная крыніца заразы, таму я і адмовілася».

Алена Давыдава.
Фота: Belsat.eu

Першы спосаб вярнуцца на працу – прынесці закрыты бальнічны. Але Давыдавай яго не адкрылі. Другі спосаб – прадставіць даведку з паліклінікі, што яна здаровая. Спадарыня Алена не хоча гэта рабіць, бо мае засцярогі, што лекары зноў могуць скарыстацца абследаваннем каб ёй нашкодзіць і ізаляваць яе на большы тэрмін.

«Амаль пераканана, што калі я прыйду ў паліклініку абследавацца, яны прыдумаюць, што каля мяне праходзіў Коля, Пеця, Вася хворы на COVID-19, зноў мяне абвесцяць кантактам першага ўзроўню і прымусяць сядзець яшчэ 2 тыдні на самаізаляцыі. І так да канца выбараў», – кажа Алена Давыдава.

Фельчарка цвердзіць, што ў Гомлі яна не мае магчымасці самастойна здаць тэст ні на каронавірус, ні на антыцелы, каб самастойна здабыць доказы таго, што здарова і можа прыступіць да працы.

Адена Давыдава ля свайго дома ў Гомлі, дзе яе пільнуюць лекары і міліцыя.
Фота: «Белсат»

Куды скардзіцца і дзе рабіць тэсты?

Алена Давыдава паскардзілася на дзеянні медыкаў у пракуратуру, а таксама ў Міністэрства аховы здароўя. У звароце ў пракуратуру фельчарка просіць правесці пракурорскую праверку па факце падмены вынікаў аналізу на COVID-19, разгалошванні лекарскай таямніцы (пра свой станоўчы тэст яна даведалася са СМІ) і нявыдачы ёй бальнічнага ў Гомельскай гарадской паліклініцы № 1.

«Пракуратура перанакіравала маю скаргу ў міліцыю, абласны аддзел аховы здароўя, паліклініку, якая мелася выдаць мне ліст непрацаздольнасці, – кажа сп. Давыдава. – Не захацелі самі гэтым займацца».

«Калі медычны дыягназ падроблены, трэба дамагацца прыцягнення да крымінальнай адказнасці медыкаў, – каментуе праваабаронца Леанід Судаленка. – Калі адмовілі ў раённай пракуратуры, трэба скардзіцца ў гарадскую, Генеральную пракуратуру і канешне падаваць у суд на медыкаў, каб спагнаць з іх маральную шкоду. Калі Алена Давыдава не можа зрабіць аналіз на антыцелы ў Беларусі, хутка адкрыюцца межы і можна будзе такі аналіз зрабіць за мяжой, каб пацвердзіць той факт, што яна не хварэла на каронавірус».

Ганна Кавальчук, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў