Мэр Варшавы хоча пазбавіцца «беларускага духу» у польскай сталіцы. Вось што ён меў на ўвазе


Рафал Тшаскоўскі на будаўніцтве адной са станцыяй другой лініі варшаўскага метро. 27 лістапада 2019 года. Фота – Mateusz Wlodarczyk / Forum

Рафал Тшаскоўскі прадставіў журналістам сваю канцэпцыю зменаў цэнтральнай часткі польскай сталіцы, каб больш шчыльна яе звязаць.

«Пэўную частку гораду спраектавалі нашыя «савецкія сябры», таму савецкі і беларускі дух над ім лунае», – цытуе Тшаскоўскага канал «TVN».

Пад савецкім духам у горадабудаўніцтве ў Польшчы разумеюць стыль тыповых для СССР шырокіх вуліц і агромністых плошчаў, пакрытых бетоннай пліткай.

Паводле Тшаскоўскага, галоўная праблема варшаўскага цэнтру – незвязанасць многіх гарадскіх аб’ектаў паміж сабой, у выніку чаго яны становяцца «выспамі».

План мае працоўную назву «Усмешка Варшавы» і прадугледжвае звужэнне часткі цэнтральных вуліц, павелічэнне наземных пешаходных пераходаў, роварных сцежак і зялёных зонаў. Некаторыя вуліцы маюць стаць выключна пешаходнымі. Паводле чыноўніка, гэта не толькі справа эстэтыкі, але і здароўя людзей.

Раён планаваных зменаў у інфраструктуры польскай сталіцы. Ілюстрацыя – Варшаўская мэрыя

Тшаскоўскі заявіў, што частка планаваных зменаў ужо знаходзіцца на стадыі рэалізацыі, некаторыя пачнуць рэалізоўваць налета. Частку зменаў завяршаць толькі пасля 2023 года, калі скончыцца «прэзідэнцкі» тэрмін Тшаскоўскага (мэраў у Польшчы называюць прэзідэнтамі гарадоў).

І хоць заява Тшаскоўкага прагучала ў сераду, беларусы звярнулі на яе ўвагу толькі сёння.

«Вельмі нятрапна», – ацэньвае словы варшаўскага мэра большасць беларусаў у «Фэйсбуку».

Польшчу з Беларуссю ў кантэксце архітэктуры ў публічнай прасторы ў Варшаве параўноўваюць упершыню. Як пракаментаваў у «Фэйсбуку» інжынер Тамаш Блядынец, актыўны аўтар «Вікіпедыі» (у тым ліку беларускай), яшчэ некалькі гадоў таму слова «Беларусь» было ўніверсальнай абразай, якую асабліва любілі ў польскім Сейме («Не рабіце тут Беларусі!»).

«Часы змяніліся, беларусы і палякі ўсё бліжэйшыя адзін да аднаго, людзі кантактуюць паміж сабой, чуюць гэткія рэчы і звяртаюць на іх увагу. Варта змяніць трохі слоўнік», – напісаў ён.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў