Мэр Рыгі выбачыўся перад жыхарамі гораду

9 лютага 2019 года. Дэманстранцыя на знак падтрымання Ніла Ушакова на Ратушнай плошчы Рыгі. Фота – Яўген Антонаў/ТАСС

Ніл Ушакоў выбачыўся за памылкі, зробленыя ім падчас ягонага кіравання, але заявіў, што не парушаў закону.

9 лютага на Ратушнай плошчы ў Рызе прайшоў мітынг дзеля падтрымання мэра гораду Ніла Ушакова, у якім узялі ўдзел ад трох да пяці тысячаў чалавек, падае «Delfi».

Да мітынгоўцаў выйшаў Ушакоў, які папрасіў прабачэння за свае памылкі і за тое, чаго не паспеў зрабіць – перадусім адрамантаваць дарогі.

«Але я не здзяйсняў нічога супрацьпраўнага, за што мне было б сорамна», – заявіў Ушакоў.

Ушакоў дадаў, што большасць гараджанаў ацэньвае ягоную працу і няўдачы, не звязваючы іх з нацыянальнасцю і мовай.

«Шмат якія людзі абараняюць мяне таму, што я – расеец. Многія людзі лаюць мяне за тое, што я – расеец», – сказаў ён.

Ушакоў прызнаўся, што ў яго баліць сэрца, калі палітыкі сутыкаюць расейцаў і латышоў. На здымку – разам з жонкай Івэтай Страўтынай-Ушаковай. Фота – Яўген Антонаў/ТАСС

«Я ганаруся тым, што расеец, і люблю сваю родную мову! Я ганаруся тым, што я народжаны ў Рызе, у Латвіі. І я люблю Латвію! Мая родная мова – расейская мова. Латышская мова – родная мова маёй жонкі! Мой сын аднолькава добра гаворыць на абедзвюх мовах. Яму тры гады. Я заўсёды буду змагацца і абараняць латышоў, калі хто-небудзь спрабуе іх закрануць або пакрыўдзіць! Латышы – гэта мая сям’я!», – дадаў Ушакоў.

Выступленне мэра мітынгоўцы сустрэлі авацыямі і крыкамі падтрымання.

Дом мэра Рыгі належыць чыноўніку Раснафты

Паўтара тыдня таму Бюро барацьбы з карупцыяй Латвіі правяло вобшук у доме Ніла Ушакова. Мэру не выставілі ніякіх абвінавачванняў.

Журналісты лічаць, што вобшукі могуць быць звязаныя з карупцыйным скандалам на прадпрыемстве грамадскага транспарту «Rigas Satiksme». Яго супрацоўнікаў падазраюць у тым, што яны атрымалі хабар памерам 800 тысячаў еўра ад чэшскіх і польскіх фірмаў за пастаўку ў Рыгу амаль 200 аўтобусаў і тралейбусаў.

Мэр Рыгі пахваліўся, як латвійская паліцыя дапамагла беларусам

Апазіцыя патрабавала адстаўкі Ніла Ушакова, але дэпутаты думы двойчы адмовіліся вызваляць яго ад пасады мэра.

Ніл Ушакоў перамог на выбарах мэра Рыгі ў 2009 годзе. Да іх ён быў дэпутатам Сейму – адным з самых маладых у парламенце краіны.

ДД

Hавiны