Менскае метро забараніла Форэста Гампа ў вышыванцы


Андрэй Кім з праекту «Кінаконг», які займаецца дубляжом і паказам фільмаў па-беларуску, паведаміў у сваім «Facebook’у», што рэкламна-інфармацыйны аддзел менскага метрапалітэну не даў згоду на размяшчэнне ў метро беларускамоўных білбордаў.

«Мы вырашылі рэкламаваць не канкрэтны фільм, а сам брэнд. Таму прыдумалі размяшчаць вядомыя цытаты са знакамітых фільмаў па-беларуску. Пачаць планавалі з «Форэста Гампа». На плакаце намаляваны знакаміты кадр, дзе Форэст сядзіць на лаўцы і цытата, якую ён паўтарае на працягу ўсяго фільма: «Жыццё як скрынка шакаладных цукерак». Адзінае адрозненне ад арыгінальнага кадра ў тым, што Форэст беларускамоўны, таму на ім вышыванка», – распавёў Кім.

Рэкламна-інфармацыйнаму аддзелу менскага метрапалітэну не спадабалася цытата з кінастужкі і слоган «Глядзі кіно па-беларуску». Таксама метрапалітэн высунуў патрабаванне «перафарбаваць кашулю» (то бок прыбраць вышыванку). ПРЫБРАЦЬ ВЫШЫВАНКУ, Карл», – адзначыў Андрэй Кім.

У мінулым годзе метрапалітэн забараніў «Кінаконгу» размяшчаць цытаты Караткевіча, Коласа, Багушэвіча пра беларускую мову. «Пасля доўгіх узгадненняў і пагрозы скандалу дазволілі толькі Коласа», – прыгадвае Кім.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў