Менскае «Дынама» з новым трэнерам збіраецца «ірваць» супернікаў


11 лістапада 2018 года. У першай трэніроўцы каманды пад кіраўніцтвам новага спецыяліста ўзялі ўдзел тры брамнікі і 19 палявых гульцоў. Фота – ХК «Дынама» (Менск)

Новы настаўнік сталічнага клубу Андрэй Сідарэнка правёў першы трэнінг з «зубрамі» напярэдадні заўтрашняй сустрэчы з чэлябінскім «Трактарам».

Пасля заняткаў, якія цягнуліся адну гадзіну, трэнер прызнаўся, што фізічны стан гульцоў пакідае жадаць лепшага, таму клуб актыўна шукае новых гульцоў.

«Выправіць гэта ў бліжэйшы час вельмі складана, так што зыходзім з таго, што маем. Пакуль у нас даволі абмежаваная абойма гульцоў, таму патрэбныя навічкі», – заявіў Сідарэнка.

Цяпер галоўная задача каманды, па словах Сідарэнкі, – палепшыць якасць гульні.

У размове з прэсавай службай хакеісты заявілі, што дадуць рады.

«Думаю, хутка з усім справімся, – сказаў нападнік клубу Ілля Літвінаў. – Нашая задача – выйсці і паказаць упэўненасць, злосць, выявіць характар. Думаю, мы «парвем» гэты «Трактар» на радасць гледачам! Трэба і, каб у новага трэнера быў удалы дэбют.

Літвінаў дадаў, што на карысць камандзе пойдзе тое, што новы трэнер – рускамоўны.

«Гэта можа пайсці на карысць, бо пераклад часам не заўсёды на 100 % перадае арыгінал», – дадаў Літвінаў.

11 лістапада новым галоўным трэнерам «Дынама» стаў Андрэй Сідарэнка, які з ліпеня таксама ўзначальвае хакейную зборную Беларусі.

У «Дынама» Сідарэнка змяніў Гордзі Дўаера, якога звольнілі 9 лістапада разам з усімі асістэнтамі.

У трэнерскі штаб сталічнага клубу ўвайшлі Андрэй Кавалёў і Дзмітрый Краўчанка.

ДД

Стужка навінаў