Менск у чаканні сёмага траншу з Еўразійскага фонду


Умовы праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) цалкам выкананы, заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч падчас пасяджэння Саўміну аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця, паведамляе БелТА.

«У нас ёсць усе падставы разлічваць на атрыманне сёмага траншу крэдыту ЕФСР, паколькі ўмовы праграмы з ЕФСР цалкам выкананы», – сказаў Максім Ермаловіч.

Паводле яго словаў, праведзена досыць глыбокая праца па структурных пераўтварэннях у эканоміцы. Для выканання бюджэту рызыкаў не праглядаецца, макраэканамічная сітуацыя стабілізавалася, інфляцыя знаходзіцца ў параметрах прагнозу.

«Усе гэтыя паказнікі сведчаць, што захады, якія закладваліся ў праграму дзеянняў урада, падтрыманую крэдытам ЕФСР, далі свой эфект, праграма выканана паспяхова», – лічыць міністр.

Ён сказаў, што ў бюджэце Беларусі ў гэтым годзе запланавана прыцягненне апошняга, сёмага траншу ў памеры 200 мільёнаў долараў па праграме з ЕФСР і яшчэ каля 600 мільёнаў долараў ад урада РФ.

Аднак Мінфін паралельна праводзіць працу і па іншых крыніцах прыцягнення сродкаў. Вядзецца пра ўнутраны рынак, ёсць пэўныя крокі па прыцягненню сродкаў на кітайскім рынку.

«Мы падпісалі базавае пагадненне з Банкам развіцця Кітаю. Зараз спрабуем выйсці на крэдытна-інвестыцыйную супрацу, у тым ліку больш шырокую крэдытную супрацу, у тым ліку прыцягненне нязвязаных фінансавых рэсурсаў ад Банку развіцця Кітая», – дадаў ён.

Крэдыт для Беларусі ад ЕФСР быў выдзелены ў 2016 годзе. Першапачаткова Менск спадзяваўся атрымаць 3 мільярды долараў крэдыту, але сума ў выніку была зменшаная да 2 мільярдаў долараў. Сродкі выдзяляюцца цягам сямі траншаў, кожны з якіх пералічваецца з вялікай затрымкай.

Hавiны
Беларусі дазволілі атрымаць са спазненнем апошні транш крэдыту ЕФСР
2019.04.03 08:03

СК belsat.eu

Стужка навінаў