Менгарвыканкам адмовіўся назваць вуліцу імем Юрыя Зісера

Гарадскія ўлады сталіцы адмовіліся назваць вуліцу ў Менску імем памерлага заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. Такі адказ на зварот на сайце Petitions.by апублікаваў юрыст Уладзімер Нясмашны.

Юрыя Зісера не стала 17 траўня. Пасля яго смерці юрыст Уладзімір Нясмашны стварыў петыцыю са зваротам да чыноўнікаў Менгарвыканкаму з просьбай назваць адну з вуліц Менску імем Зісера. Пад петыцыяй падпісаліся 4613 асобаў.

Памёр заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер

У адказе з боку Менгарвыканкаму пазначаецца, што прапановы па назвах вуліц могуць уносіць мясцовыя Саветы дэпутатаў, распарадчыя і выканаўчыя органы, іншыя арганізацыі, а таксама грамадзяне пасля правядзення мясцовага сходу або мясцовага рэферэндуму. Пазней гэтае пытанне разглядае мясцовы савет дэпутатаў.

«У чарзе Менгарвыканкаму цяпер такія імёны, як Васіль Быкаў, Міхаіл Савіцкі, Эдвард Вайніловіч, Генадзь Бураўкін, Тадэвуш Рэйтан, Мікалай Кірычэнка, Леанід Левін, Алесь Адамовіч, Жарэс Алфёраў, Ігар Лучанок, Ніл Гілевіч і іншыя», – гаворыцца ў адказе чыноўнікаў.

Нягледзячы на такі адказ юрыст Уладзімір Нясмашны выказвае спадзяванне, што магчыма некалі вуліца імя Зісера з’явіцца ў Менску.

«Сварыцца не спяшайцеся, у кожнага дзяржаўнага органа ёсць свае межы кампетэнцыі і кола пытанняў, якімі ён займаецца і права ініцыяваць якія ён мае, роўна як і кожнае рашэнне дзяржаўнага органа мае свой парадак прыняцця, таму вынік у разуменні працэсаў дзяржаўнага кіравання хутчэй станоўчы хоць бы таму, што прапанова прынятая і накіраваная для разгляду ў той орган, які мае права прымаць такое рашэнне», – напісаў у сваім Facebook Уладзімір Нясмашны.

Зʼявілася петыцыя за наданне менскай вуліцы імя Юрыя Зісера

СК belsat.eu

Hавiны