Медык смаргонскай лякарні: Усё пачалося, калі ў нас ляжалі расейцы


Медычны працаўнік распавёў нам пра сітуацыю ў Смаргоні і раённым шпіталі. Месцаў у ЦРБ не хапае, ёсць хворыя медыкі і смерці.

У рэдакцыю Belsat.eu звярнуўся медычны супрацоўнік Цэнтральнай раённай больніцы Смаргоні. На ўмовах ананімнасці ён распавёў, што зараз адбываецца ў лякарні і якім чынам падтрымлівае кіраўніцтва сваіх супрацоўнікаў.

Машына хуткай дапамогі ў Менску.
Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Супрацоўнікі хуткай ляжаць удома з сімптомамі COVID-19

«Успышка была ў асноўным на трактарным заводзе. Усё пачалося, калі ў нас ляжалі расейцы. Тыдні тры таму гэта ўсё перайшло на трактарны завод. Адтуль вельмі шмат хворых, – распавядае супрацоўнік Смаргонскай ЦРБ. – На хуткай дапамозе выявілі каронавірус у двух чалавек. Праз тыдзень яшчэ 12 чалавек выявілі, якія кантактавалі з імі. Вось гэтыя 12 чалавек сядзяць на ізаляцыі. Хтосьці з сімптомамі, хтосьці без сімптомаў, але ў шпіталь нікога не забіралі. Усе сядзяць па дамах. Некаторыя здавалі тэсты, яшчэ не ведалі вынікаў, але ўсё адно ім трэба было хадзіць на працу».

Hавiны
Ад каронавірусу ў Беларусі памерлі 185 чалавек
2020.05.21 13:02

Паводле суразмоўцы, калі кантакты першага ўзроўню здавалі тэсты, то іх запісвалі ў кантакты другога ўзроўню, хоць яны і працуюць з інфікаванымі наўпрост:

«Хто нам што распавядзе? У аўторак ізноў павінны былі браць мазкі ў тых, хто кантактаваў з работнікамі хуткай дапамогі, але зверху прыйшло ўказанне: работнікаў хуткай дапамогі не абследаваць. Толькі тых, у каго пацверджаны каронавірус, хто сядзіць дома на ізаляцыі. Тыя, у каго праявіліся сімптомы, папросту пайшлі на бальнічны, ніхто ніякіх мазкоў не браў. Сказалі, што тэмпература пройдзе, становішча палепшыцца, на чыстую зону – за бальнічнымі».

Супрацоўнік ЦРБ кажа, што ў горадзе склалася цяжкая сітуацыя:

«Ведаю, што практычна з кожнай вуліцы прывозяць людзей. Нягледзячы на тое, што работнікі на ізаляцыі, яны павінны прыйсці ў інфекцыйны кабінет і здаць там [тэст. – Belsat.eu]. Не паспяваюць ездзіць, не спраўляюцца. Раней усіх станоўчых, у каго нават сімптомаў не было, прывозілі. Цяпер нават з сімптомамі, нават з тэмпературамі людзі сядзяць дома. Зразумела, што няма месцаў. З медыкамі таксама праблемы. У нас з вясковых пунктаў выклікаюць на дзяжурства ў прыёмны пакой, бо няма каму працаваць».

Hавiны
На дабрачынныя рахункі Мінздароўя перавялі больш за Br 6 млн
2020.05.21 10:34

Шмат смерцяў няма

Некаторыя аддзяленні былі перапрафіляваныя:

«Вызваляліся спецыяльна чатырохпавярховыя будынкі. Адразу клалі там кантакты, цяпер там ляжаць хворыя, усё закладзена. З асноўнага будынку выселілі радзільню. Нараджаць ездзяць у Ашмяны, а ў радзільні засталася хірургія, траўматалогія і дзеці. То бок асноўны корпус таксама вызвалілі пад пнеўманіі, хворых каронавірусам».

Смерці ёсць, але дакладную колькасць наш суразмоўца не ведае:

«Шмат смерцяў няма. Праблема ў тым, што вельмі шмат хворых дзяцей. Ведаю, што як мінімум 50 было тыдзень таму. Цяпер будзе больш. У 1-ай школе пасадзілі ўвесь клас на каранцін. Вельмі шмат хворых і настаўнікаў, і дзяцей. Мне падаецца, што ўсё ж гэты вірус муціраваў, бо ў іншых краінах так не хварэлі ані дзеці, ані моладзь. Вельмі шмат маладых захварэла».

Hавiны
Ці хопіць грошай на надбаўкі медыкам? Адказваюць чыноўніца і эканамістка
2020.05.21 09:55

У школе каранціну няма, а кіраўніцтва заводу ў камандзіроўцы

У СШ №1 Смаргоні нам адказалі, што каранціну ў школе няма, і ніякай інфармацыі журналістам даваць не будуць.

На Смаргонскім агрэгатным заводзе паведамілі, што дырэктар у камандзіроўцы і па каментар лепш звярнуцца да намесніка дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрам і быту Аляксея Арцёмава. Але той таксама апынуўся ў камандзіроўцы. Нагадаем, апошнім разам, калі мы да яго звярталіся, ён нам адмовіў у каментары.

Hавiны
Каронавірус у Смаргоні. Толькі траціна работнікаў санстанцыі ходзяць на працу
2020.05.13 10:14

Намесніца галоўнага лекара Смаргонскай ЦРБ Наталля Тупека сказала звяртацца выключна да галоўнага лекара, але той не падымаў слухаўку палову дня. Мы знайшлі ў мясцовай газеце «Светлы Шлях» надаўні каментар Наталлі Тупека пра сітуацыю ў ЦРБ:

«Для лячэння пацыентаў мы не планавалі і не плануем задзейнічаць іншыя пляцоўкі, акрамя ЦРБ. Месцаў у нас у стацыянары дастаткова – і для цяжка хворых, і для хворых сярэдняй цяжкасці. Тыя, у каго каронавірус працякае ў лёгкай форме, мы лечым дома. Яны таксама пад назіраннем лекара, праходзяць усе неабходныя даследаванні, здаюць аналізы. Створаны спецыяльныя брыгады, якія наведваюць хворых на даму. І тых, у каго пацверджаны каронавірус, і хвароба працякае ў лёгкай форме. І тых, хто меў кантакт першага ўзроўню з хворымі COVID-19. А таксама тых, у каго ёсць падвышаная тэмпература. Асобныя брыгады медыкаў абследуюць дзяцей на наяўнасць каронавіруснай інфекцыі».

Hавiны
«Як можна дзяліць, хто варты даплаты, а хто – не?» У Бабруйску пратэставалі фельчары і кіроўцы хуткай дапамогі
2020.05.20 20:07

У Смаргоні былі размовы і пра тое, што горад збіраюцца зачыніць, але намеснік старшыні райвыканкаму Ігар Шчасны ў выданні «Светлы шлях» гэта аспрэчыў:

«Так, эпідэміялагічная сітуацыя ў нас няпростая, хворых шмат, але ўсе яны пад наглядам медычных работнікаў. Ісці на такія крайнія меры, як абмяжоўваць уезд у Смаргонь або выезд з гораду, мы не збіраемся. Такой практыкі ва ўсёй рэспубліцы няма. Ніводны горад у Беларусі не зачынены».

Наш суразмоўца, медычны супрацоўнік ЦРБ, лічыць, што інфармуюць насельніцтва дрэнна:

«Хто нам дакладную інфармацыю дасць – ніхто не дасць. Мы ж чытаем інтэрнэт, ведаем, што адбываецца. Паглядзіш нашыя навіны па Беларусі і плакаць хочацца ад таго, што народ у нас нічога не ведае. У краму прыйдзеш – нават тыя ж прадаўцы не выконваюць меры бяспекі. Мала хто ў пальчатках, масцы. У нас народ дрэнна інфармаваны. Зразумела, што ўсе баяцца. У нас папросту такая ўлада, што ні за што пасадзяць і будзеш сядзець. Ніхто ў нас ніякія паперкі не падпісваў аб неразгалошванні – гэта лухта. Папросту людзі самі баяцца».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў