Медыі: Спроба расейскіх хакераў атакаваць урадавую сетку Нямеччыны правалілася


Хакеры ўсталявалі шпіёнскія праграмы на камп’ютары МЗС Нямеччыны, але не змаглі атрымаць доступ да дакументаў урадавай сеткі.

Мяркуецца, што за атакай стаяць хакеры з Расеі.

Пра кібератаку на ўрадавую сетку Нямеччыны стала вядома ў канцы лютага. Падчас яе хакеры не змаглі атрымаць доступ да абароненай урадавай сеткі, паведамляе 18 сакавіка выданне «Bild am Sonntag».

Паводле крыніцы са спецслужбаў, хакеры змаглі пранікнуць у серверы нямецкага міністэрства замежных справаў праз сеткавую інфраструктуру курсаў павышэння кваліфікацыі для нямецкіх дыпламатаў і ўсталяваць на камп’ютарах шкоднасныя праграмы. Аднак ім не ўдалося атрымаць доступ да сеткі за межамі гэтага злучэння. У прыватнасці, у хакераў не было доступу да дакументаў МЗС і правоў адміністратара.

У канцы лютага стала вядома пра ўкараненне невядомых кібершпіёнаў у серверы міністэрства замежных справаў і Мінабароны Нямеччыны. Пры гэтым пацярпела ўрадавая сетку Бон – Берлін, якая лічыцца добра абароненай. Ўзлом быў здзейснены ў канцы 2016 года, знойдзены ў канцы 2017-га, лакалізаваны, але пакуль не ліквідаваны.

Яго прыпісваюць хакерскай групе «APT28», вядомай таксама пад назвай «Fancy Bear», якая меркавана стаіць і за нападам на ўнутраную сетку Бундэстагу ў 2015 годзе. У ходзе гэтай кібератакі яны спампавалі парадку 17 гігабайт дадзеных. Спецыялісты лічаць, што «АРТ28» працуе пад кіраўніцтвам ГРУ Расеі.

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў