Медсястра з Нью-Ёрку: Гэта проста катастрофа. Каронавірус знішчае людзей


Машына хуткай дапамогі ў Нью-Ёрку, 26 сакавіка 2020 г.
Фота: Vanessa Carvalho / Zuma Press / Forum

У Facebook з’явіўся зварот медсястры з Нью-Ёрку. Жанчына распавядае падрабязнасці эпідэміі і кажа: усё вельмі сур’ёзна.

Мяне завуць Лія Ільяс. Я працую медсястрой у адным са шпіталяў Нью-Ёрку. Сёння я выйшла на сувязь, каб распавесці, што адбываецца ў больніцы – каб людзі ведалі і былі гатовыя ды, магчыма, зрабілі захады, каб спыніць гэты працэс ці прынамсі не зрабіць яго яшчэ больш катастрафічным.

Рэч у тым, што яшчэ два тыдні таму да нас траплялі людзі з падазрэннем на каронавірус, у нас былі пакоі для ізаляцыі. Цяпер гэта проста катастрофа: 90 % хворых маюць цяжкія формы хваробы. Каронавірус знішчае людзей, пацыенты не могуць дыхаць, вялікая колькасць хворых мае патрэбу ў кіслароднай дапамозе, шмат хто застаецца на апаратах вентыляцыі лёгкіх, якіх у нас недастаткова, не стае інструментаў і матэрыялаў, каб у патрэбнай колькасці падаваць кісларод. Паводле стандартаў паміж ложкамі мусіць быць адлегласць, таму ў сценках убудаваная пэўная колькасць кіслародных прыстасаванняў, якія дапамагаюць дыхаць, але гэтага не хапае. Ложкі стаяць адзін пры адным. Людзям, якім трэба 100-адсоткавае кіслароднае лекаванне, падлучаныя да сценак, дзе ёсць кіслародныя ўваходы. Іншыя пацыенты атрымліваюць праз трубкі ў носе кісларод з пераносных каністраў, які хутка заканчваецца. Праз кожныя некалькі гадзін гэтыя каністры трэба мяняць.



Шпіталі перапоўненыя. Людзі, якія прыходзяць з іншымі праблемамі, перабываюць побач з інфікаванымі. Не стае масак. Сваякоў у шпіталь не пускаюць. Дапамогі ніякай ні ад каго няма. Усе дактары, медсёстры, санітары перагружаныя працай, не маюць магчымасці нават паесці ці схадзіць у прыбіральню. Хворыя ў цяжкім стане, ім патрэбная дапамога. Увесь час тэлефануюць сваякі, хвалююцца. Я прашу людзей зразумець гэтую сітуацыю. Цяпер усім вельмі складана, мы не маем магчымасці адказваць на званкі, старайцеся не тэлефанаваць. Пакуль я адказваю на званкі, камусьці ў гэты момант кепска.

Hавiны
«$ 400 за тое, што не трымалі дыстанцыю». Беларусы ЗША – пра тое, як каранцін змяніў Амерыку
2020.03.25 17:00

Зразумейце, што ў шпіталь трэба звяртацца толькі ў складаных выпадках: калі вы не можаце дыхаць, высокая тэмпература, калі боль у грудзіне, калі нешта пільнае, як інсульт ці інфаркт, калі вы паміж жыццём і смерцю. Толькі тады прыходзьце ў шпіталь. Зараз хварэе шмат лекараў і медсёстраў!

І перастаньце хадзіць на імпрэзы! Людзі дагэтуль бавяцца на днях народзінаў ці вяселлях. Усё вельмі сур’ёзна! Калі будзе надта вялікая плынь хворых, якія не могуць дыхаць, у нас не будзе месца, куды іх класці, не будзе кіслароду, не будзе ставаць масак. Цяпер ужо іх немагчыма набыць. А гэта значыць, што вялікая колькасць людзей будзе паміраць.

Калі мы не перастанем гуляць і разносіць інфекцыю адно аднаму, людзі будуць моцна хварэць і паміраць! Тыя, у каго лёгкая форма, не забывайце, што вы можаце заразіць некага, хто будзе мець ускладненні. Трэба спыніць усё гэта! Проста сядзіце дома і нікуды не выходзьце! Перастаньце скардзіцца, што вам сумна і няма чаго рабіць. Людзі паміраюць!

Беражыце сябе! Любіце ўсіх!

  • Паводле звестак Універсітэту Джона Гопкінса (JHU) па стане на 28 сакавіка у cвеце захварэлі каронавіруснай інфекцыяй 622 450 асобаў. Лідарам паводле заражэнняў сталі ЗША: 105 573 асобы. Ва ўсім свеце ад COVID-19 памерлі 28 794 чалавекі.
Hавiны
Трамп падпісаў закон аб выдзяленні 2,2 трыльёна долараў дапамогі эканоміцы ЗША
2020.03.28 14:28

ВС belsat.eu

Стужка навінаў